У аграгарадку Жыровічы прайшоў музычны фестываль «Жыровіцкае свята»

20 мая 2022

top.jpg

20 мая 2022 года, у дзень святкавання знойдзення іконы Божай Маці «Жыровіцкая», у аграгарадку Жыровічы прайшоў музычны фестываль «Жыровіцкае свята».

Фестываль пачаўся па заканчэнні саборнага архіерэйскага служэння ў Жыровіцкай абіцелі, якое ўзначаліў мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі.

Фестываль праводзіцца па благаславенню архіепіскапа Навагрудскага і Слонімскага Гурыя з 2016 года і арганізуецца сумеснымі сіламі Навагрудскай епархіі БПЦ, Слонімскага раённага выканаўчага камітэта і філіяла «Жыровіцкі цэнтр культуры» Слонімскага раённага цэнтра культуры, народнай творчасці і рамёстваў.

У гэтым годзе канцэртная пляцоўка была арганізавана на тэрыторыі стадыёна каля манастыра.

Удзельнікаў і гасцей фестывалю павітаў сакратар Навагрудскага епархіяльнага ўпраўлення протаіерэй Дзімітрый Сёмуха, ад мясцовай улады – намеснік старшыні Слонімскага раённага выканаўчага камітэта Тэрэса Вацлаваўна Юшкевіч.

30 выканаўцаў і калектываў з розных месцаў Беларусі прынялі ўдзел у святочным выступленні. Сваімі талентамі артысты-прафесіяналы і аматары славілі Маці Божую ў свята Яе Жыровіцкай іконы. Сярод выступоўцаў былі братэрскі хор Свята-Елісееўскага Лаўрышаўскага мужчынскага манастыра, інклюзіўны вакальны калектыў з горада Мінска, змяшаны хор Мінскай духоўнай семінарыі і іншыя выканаўцы.

У завяршэнне фестывалю ўсім удзельнікам былі ўручаны дыпломы і памятныя іконы Жыровіцкай Божай Маці.

МінДС/Church.by

Фотарэпартаж