У Белай зале храма-помніка ў гонар Усіх Святых адбылася дыялогавая пляцоўка «Асновы духоўна-маральнай культуры і патрыятызму»
08 кастрычніка 20217 кастрычніка 2021 года ў Белай зале храма-помніка ў гонар Усіх Святых горада Мінска адбылася дыялогавая пляцоўка «Асновы духоўна-маральнай культуры і патрыятызму».
У мерапрыемстве, якое прайшло ў рамках XI педагагічнага марафону «Адзінства, грамадзянскасць, патрыятызм — ключавы рэсурс развіцця адукацыі Міншчыны», прынялі ўдзел каля 50 кіраўнікоў упраўленняў па адукацыі і ўстаноў адукацыі Мінскай вобласці.
Удзельнікаў мерапрыемства, якія прыехалі ў Мінск з усіх раёнаў вобласці і горада Жодзіна, віталі начальнік Галоўнага ўпраўлення па адукацыі Мінскага абласнога выканаўчага камітэта Мікалай Башко і намеснік старшыні Сінадальнага інфармацыйнага аддзела Беларускай Праваслаўнай царквы протаіерэй Аляксандр Шымбалёў.
Кіраўнік сістэмы адукацыі сталічнага рэгіёна звярнуў увагу прысутных на актуальнасць праблемы, якая абмяркоўваецца на мерапрыемстве.
У рэжыме відэазвароту да педагогаў Міншчыны звярнуўся старшыня Сінадальнага аддзела па супрацоўніцтве са свецкімі ўстановамі адукацыі, кандыдат багаслоўя, протаіерэй Фёдар Поўны: «Мы павінны вучыць дзіця глядзець на свет, не паказваць, як трэба, не прымушаць, але паказваць лепшыя бакі свету ... калі не прыкладаць намаганні, то благадатная дзіцячая душа зарасце пустазеллем». Айцец Фёдар Поўны расказаў аб новых падыходах да фарміравання духоўна-маральных каштоўнасцей сучаснай моладзі, спыніўся на супрацоўніцтве Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь і Беларускай Праваслаўнай Царквы.
Асаблівасці выхавання сапраўднага грамадзяніна і патрыёта сваёй краіны ў рамках факультатыва «Асновы духоўна-маральнай культуры і патрыятызму», які сёлета быў уведзены ва ўстановах адукацыі Беларусі, педагагічнаму актыву Міншчыны раскрыў протаіерэй Аляксандр Альбертавіч Шымбалёў.
Дырэктар Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства Алена Ануфровіч падзялілася вопытам работы па арганізацыі турысцка-экскурсійнай і краязнаўчай дзейнасці, неабходнай для фарміравання сапраўднага грамадзяніна і патрыёта.
Аб тэндэнцыях развіцця беларускай культуры на сучасным этапе педагогам распавёў старшы выкладчык кафедры крыніцазнаўства гістарычнага факультэта БДУ Сяргей Барысавіч Каун.
Падчас працы дыялогавай пляцоўкі, мадэратарам якой выступіла рэктар Мінскага абласнога інстытута развіцця адукацыі, кандыдат педагагічных навук, дацэнт Інга Кандрацьева, працаваў адкрыты мікрафон. Гэта дазволіла ўдзельнікам пляцоўкі абмеркаваць новыя падыходы да фарміравання духоўна-маральных каштоўнасцяў беларускай моладзі, задаць пытанні, якія іх цікавяць, і атрымаць кампетэнтныя адказы ад прадстаўнікоў Беларускай Праваслаўнай Царквы і спецыялістаў сістэмы адукацыі.
Фота: mlyn.by