У Беларускай Праваслаўнай Царкве абмяркоўваецца падрыхтоўка да юбілейных урачыстасцей 2017-2019 гадоў
07 лютага 20177 лютага 2017 года ў Сінадальнай зале Мінскага епархіяльнага ўпраўлення, пад старшынствам мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага Паўла, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі, адбылося першае працоўнае пасяджэнне Арганізацыйнага камітэта Беларускай Праваслаўнай Царквы па падрыхтоўцы і правядзенню ў 2017-2019 гадах у епархіях БПЦ юбілейных урачыстасцяў, прымеркаваных да 300-годдзя з дня нараджэння свяціцеля Георгія (Каніскага), 220-годдзю з дня нараджэння і 150-годдзю з дня смерці мітрапаліта Літоўскага і Віленскага Іосіфа (Сямашкі) і 180-годдзю Полацкага сабора 1839 года.
Арганізацыйны камітэт быў утвораны рашэннем Сінода Беларускай Праваслаўнай Царквы 16 жніўня 2016 года (журнал № 31). У яго склад уваходзяць прадстаўнікі епіскапату і духавенства Беларускага Экзархата, а таксама айчыннай царкоўнай і свецкай навукі.
Пасяджэнне пачалося спевам малітвы «Цару Нябесны», пасля чаго з прывітальным словам да прысутных звярнуўся мітрапаліт Павел. Архіпастыр падкрэсліў, што задача Арганізацыйнага камітэта — даць царкоўную ацэнку шэрагу гістарычных падзей і азнаёміць грамадскасць з пазіцыяй Царквы па пытаннях, якія маюць дачыненне як да мінулага, так і да сучаснасці беларускага народа. Патрыяршы Экзарх заклікаў членаў камітэта да актыўнай свабоднай дыскусіі і пажадаў усім плённай працы.
Мітрапаліт Павел таксама паведаміў аб адбыўшымся 1 лютага 2017 года пасяджэнні Свяшчэннага Сінода Рускай Праваслаўнай Царквы і аб утварэнні ў Маскоўскім Патрыярхаце Арганізацыйнага камітэта па рэалізацыі праграмы агульнацаркоўных мерапрыемстваў да 100-годдзя пачатку эпохі ганенняў на Рускую Праваслаўную Царкву. Ад Беларускага Экзархату ў склад Аргкамітэта увайшоў епіскап Слуцкі і Салігорскі Антоній.
Патрыяршы Экзарх заклікаў Арганізацыйны камітэт БПЦ падключыцца да актыўнай працы, звязанай з гэтай праграмай, таму што ганенні на Праваслаўную Царкву ў тыя гады здзяйсняліся і на Беларускай зямлі.
На пасяджэнні былі абмеркаваны паступіўшыя ад епархіяльных архіерэяў Беларускай Праваслаўнай Царквы прапановы памятных і юбілейных дат для ўключэння ў спіс памятных мерапрыемстваў Беларускага Экзархату на 2017-2019 гады. Сустаршыня Арганізацыйнага камітэта протаіерэй Аляксандр Раманчук, загадчык кафедры царкоўнай гісторыі Мінскай духоўнай семінарыі, прадставіў праект агульнацаркоўных мерапрыемстваў Беларускага Экзархату, прымеркаваных да 300-годдзя з дня нараджэння свяціцеля Георгія (Каніскага), архіепіскапа Магілёўскага, які будзе адзначацца ў жніўні і лістападзе бягучага года. Прэзентацыя суправаджалася ажыўленай дыскусіяй.
Плануецца, што ў рамках юбілейных урачыстасцяў у епархіях Беларускай Праваслаўнай Царквы адбудуцца сумесныя царкоўна-дзяржаўныя навукова-практычныя і асветніцкія мерапрыемствы (канферэнцыі, круглыя сталы, сустрэчы святароў з прадстаўнікамі шырокай грамадскасці). Асаблівая ўвага будзе нададзена навукова-даследчай працы, накіраванай на распаўсюджванне ў грамадстве ведаў аб жыцці, дзейнасці і подзвігу свяціцеля Георгія (Каніскага). Чакаецца і юбілейнае выданне прац Магілёўскага свяціцеля.