У Беларускім дзяржаўным медыцынскім універсітэце адкрылася фотавыстаўка «Афон-Мікравізантыя»
23 лютага 201722 лютага ў Беларускім дзяржаўным медыцынскім універсітэце адбылося адкрыццё фотавыставы «Афон-Мікравізантыя». Экспазіцыя, прысвечаная 1000-годдзю рускага манаства на Святой Гары, прадстаўлена больш чым пяццю дзесяткамі работ настаяцеля Петра-Паўлаўскага храма горада Шаўляй (Літва) протаіерэя Алега Штэльмана, зробленымі падчас трох паломніцкіх паездак.
На фотаздымках прадстаўлена маляўнічая прырода Афона, старажытная і велічная архітэктура манастырскіх будынкаў. Экспазіцыя адлюстроўвае пошук духоўнага шляху чалавека.
Святая Гара Афон — усходняя частка грэцкага паўвострава Халкідыкі, абмываецца водамі Эгейскага мора. Тут размясцілася ўнікальная манаская рэспубліка, дзе з пакалення ў пакаленне пераходзяць духоўныя традыцыі Праваслаўя, якія беражліва захоўваюцца манахамі ўжо больш за тысячу гадоў.
Протаіерэй Алег Штэльман — літоўскі святар з беларускімі каранямі. Падарожжа па святых месцах натхняюць айца Алега на творчую працу. У гэтым годзе святар, вядомы і як аўтар-выканаўца духоўных песень, быў адзначаны літаратурнай прэміяй «Спадчына».
Пасля ўрачыстага адкрыцця выставы ў інтэрнаце № 10 адбыўся паэтычны вечар айца Алега, дзе былі прадстаўлены яго аўтарскія музычныя кампазіцыі, а таксама апавяданні пра паломніцкія вандроўкі па Святой Гары Афон.