У Барысаве адбыліся Калядныя адукацыйныя чытанні Мінскай мітраполіі

27 лістапада 2019

top.jpg

26 лістапада ў горадзе Барысаве адбылося адкрыццё Калядных адукацыйных чытанняў Мінскай мітраполіі «Вялікая Перамога: спадчына і спадчыннікі», арганізаваных пры падтрымцы Мінскага абласнога і Барысаўскага раённага выканаўчых камітэтаў, Мінскай, Барысаўскай, Маладзечанскай, Слуцкай епархій.

Праграма Чытанняў пачалася з рэгістрацыі ўдзельнікаў і кава-паўзы на Барысаў-Арэне, пасля чаго госці наведалі выставы метадычнай і духоўнай літаратуры і дзіцячых мастацкіх работ «Прыгажосць Божага свету» ў Барысаўскім Палацы культуры імя М. Горкага.

Перад пачаткам пленарнага пасяджэння была здзейсненая малітва на пачатак добрай справы, пасля якой адбыўся паказ фільма «Разам па шляху духоўнасці і веры».

Ад імя мясцовых уладаў прысутных павітала намесніца старшыні Барысаўскага райвыканкама Анастасія Фёдараўна Копікава.

Епіскап Слуцкі і Салігорскі Антоній перадаў прысутным прывітанне і благаславенне мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага Паўла, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі, а епіскап Барысаўскі і Мар'інагорскі Веніямін зрабіў кароткі агляд развіцця Калядных адукацыйных чытанняў за 5 гадоў іх правядзення ў Беларусі, указаўшы на дынаміку гісторыі форуму. Пашырыліся склад удзельнікаў, кірунак работ і геаграфія правядзення Чытанняў. Цяпер секцыі форуму праводзяцца ў розных гарадах, акрамя пытанняў сферы адукацыі абмяркоўваюцца: сацыяльнае служэнне, узаемадзеянне Царквы з Узброенымі Сіламі, моладдзю і СМІ і гэтак далей.

Са словамі прывітання таксама выступілі намеснік начальніка Галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Мінаблвыканкама Вольга Уладзіміраўна Тапдэмір і начальнік аддзела сацыяльнай і выхаваўчай работы галоўнага ўпраўлення па адукацыі Мінаблвыканкама Таццяна Анатольеўна Цвірко.

Затым слова было прадастаўлена дакладчыкам: Святлане Уладзіміраўне Сілавай, загадчыцы кафедры сучасных тэхналогій даўніверсітэцкай адукацыі УА «Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы», кандыдату гістарычных навук, дацэнту («Праваслаўная Царква Беларусі ў 1941-1945 гг.: час выпрабаванняў»); Івану Васільевічу Сабліну, старэйшаму выкладчыку кафедры ідэалагічнай работы УА «Ваенная акадэмія Рэспублікі Беларусь» («Спадчына Вялікай Перамогі ў подзвігах нашых землякоў»).

У працяг дня адбыліся ўрачыстае ўзнагароджанне ўдзельнікаў дзіцячага творчага конкурсу «Прыгажосць Божага свету» і святочны канцэрт.

Праца па секцыях праходзіла 27-29 лістапада ў Мінску, Слуцку, Барысаве і Маладзечне.

Барысаўская епархія / Church.by