У Барысаве адбыліся ўрачыстасці з нагоды 5-годдзя Барысаўскай епархіі

23 кастрычніка 2019

top.jpg

 

20 кастрычніка 2019 года, у Нядзелю 18-ю пасля Пяцідзесятніцы, адбыліся ўрачыстасці, прысвечаныя 5-годдзю ўтварэння Барысаўскай епархіі.

 

Архіепіскап Брэсцкі і Кобрынскі Іаан, епіскап Барысаўскі і Мар'інагорскі Веніямін, епіскап Маладзечанскі і Стаўбцоўскі Павел здзейснілі Бажэственную літургію ў кафедральным саборы Уваскрасення Хрыстовага горада Барысава.

 

За Літургіяй архіпастырам саслужылі: духаўнік Барысаўскай епархіі протаіерэй Валерый Юхновіч; сакратар Маладзечанскага епархіяльнага ўпраўлення протаіерэй Віталь Багданёнак; ігумен мужчынскага манастыра ў гонар Благавешчання Прасвятой Багародзіцы ў вёсцы Малыя Ляды іераманах Лаўр (Будзіч); благачынныя акруг Барысаўскай епархіі; святары Беларускага Экзархату. Дыяканскі чын узначаліў протадыякан Сергій Кярко.

 

Спевы выканалі хор кафедральнага сабора пад кіраваннем протадыякана Міхаіла Сідарава і дзіцячы хор кафедральнага сабора пад кіраваннем Ксеніі Качаноўскай.

 

Урачыстае богаслужэнне наведалі: Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Сербія ў Рэспубліцы Беларусь Велька Ковачэвіч; старшыня Барысаўскага раённага Савета дэпутатаў Пётр Віктаравіч Навіцкі; старшыня Барысаўскага раённага выканаўчага камітэта Генадзь Іванавіч Дзенгалёў; прадстаўнікі рэгіянальных і мясцовых уладаў і іншыя высокапастаўленыя госці.

 

У патроеную екценню былі ўключаны малітоўныя прашэнні аб захаванні адзінства Праваслаўя. Пасля патроенай екценні была ўзнесена малітва аб міры ва Украіне.

 

Пропаведзь перад Прычасцем прамовіў прэс-сакратар Барысаўскай епархіі іерэй Ігар Васько.

 

Па заканчэнні богаслужэння епіскап Барысаўскі і Мар'інагорскі Веніямін перадаў вернікам благаславенне і словы віншавання ад мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага Паўла, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі.

 

Затым архіепіскап Брэсцкі і Кобрынскі Іаан звярнуўся да багамольцаў з пропаведдзю, у якой павіншаваў з пяцігоддзем Барысаўскую епархію і падзякаваў усім за супольную малітву.

 

Епіскап Веніямін падзякаваў архіпастырам за візіт і малітоўныя зносіны і таксама звярнуўся да прысутных са словам павучання. У знак удзячнасці ўладыка Веніямін паднёс у дар архіпастырам спісы іконы Прасвятой Багародзіцы «Вяляціцкая». Епіскап Веніямін таксама адзначыў архіерэйскімі граматамі асабліва папрацаваўшых у развіцці Барысаўскай епархіі. У завяршэнне епіскап павіншаваў усіх з урачыстасцю, прычаснікаў — з прыняццем Святых Хрыстовых Тайн і падаў усім архіпастырскае благаславенне.

 

На тэрыторыі Увааскрасенскага кафедральнага сабора быў асвечоны будынак саборнага дома. Пасля асвячэння ўсіх прысутных чакала салдацкая каша.

Барысаўская епархія / Church.by