У Брэсцкім дзяржаўным музычным каледжы адбыўся Харавы Велікодны тыдзень
09 мая 2019У Брэсцкім дзяржаўным музычным каледжы імя Рыгора Шырмы завяршыўся Харавы Велікодны тыдзень. Яркім вынікам трыяды ўнікальных канцэртаў у рамках праекта «Харавыя сустрэчы Брэста» стаў канцэрт харавой духоўнай музыкі з сімвалічнай назвай «Велікодная мазаіка». У канцэрце прынялі ўдзел царкоўныя хоры храмаў горада Брэста.
Уверцюру канцэрта прадставіў моладзевы хор Брэсцкага дзяржаўнага музычнага каледжа імя Рыгора Шырмы (мастацкі кіраўнік і дырыжор Тамара Парфёнава). Студэнты каледжа «іканапісна» роўна і «сузіральна» выканалі фрагмент твору «Хравая фрэска «Святая Троіца» па матывах іконы Андрэя Рублёва», аўтар якога — беларускі кампазітар і мастак з Брэста Людміла Шлег.
У праграме прыняў удзел Вялікі хор сабора Уваскрасення Хрыстовага (рэгент Лія Крац). Хор выканаў даволі складаныя прафесійныя партытуры. Велікоднае прывітанне калектыву — «Хрыстос уваскрэс» Аляксандра Кастальскага — насторіла слухачоў на традыцыю Маскоўскай духоўнай школы. Затым зала пачула творы В. Калінцава «Не рыдай Мене, Маці», беларускіх кампазітараў, такіх як Аляксей Туранкоў — канцэрт «Торжествуйте днесь» і Мікалай Бутома — «Ангел вопіяше». Песнапенне «Плотію уснув» архіепіскапа Іанафана (Ялецкіх) улагодзіў слых сваёй прастатой і малітоўнасцю. Парадаваў твор класіка рускай духоўнай музыкі Дзмітрыя Бартнянскага — знакавы духоўны канцэрт «Да воскреснет Бог».
Замілавальныя эмоцыі ў праграму мерапрыемства ўнёс дзіцяча-юнацкі хор «Дабравест» і яго малодшая група «Пяшчотны галасок» Сімяонаўскага кафедральнага сабора горада Брэста (рэгент Тамара Калтунова). Калектыў парадаваў яркім і вытанчана разнастайным рэпертуарам. Яго выступленне адкрыла «Ютрань на Пасху» Алены Багданавай. Спеў «Шукайце Бога» на словы блажэннай схіманахіні Дзівееўскага манастыра Пашы Сароўскай літаральна ўзрушыў усю залу. Кожнае слова спеву гучала як жывы голас блажэннай. Важным складнікам праграмы сталі песнапенні манахіні Юліяніі (Дзянісавай) — «Французская калядка» і энергічная, з сербскім каларытам «Наша вера» з рэпертуару сербскай спявачкі Дзіўны Любоевіч. Сола на дарбуку выканаў Данііл Міхальчук. У завяршэнні выступлення да хору далучыўся яго малодшы састаў. Зводным хорам дзеці выканалі «Будзь са мной» Яўгена Крылатава.
Магутнай завяршальнай хваляй стала выступленне хору духавенства Брэсцкай епархіі (рэгент протаіерэй Валерый Грыцук). Інсцэніроўка пачатку Пасхальнага хрэснага ходу з запаленай свечкай унесла радасна-прыўзняты дух начнога святочнага богаслужэння ў акадэмічныя сцены залы. У выкананні мужчынскіх галасоў прагучалі творы Паўла Часнакова «Воскресеніе Хрістово відевше», «Благословен есі, Господі», Мадэста Мусаргскага «Ангел вопіяше». У гонар свята іконы «Жываносная крыніца», напярэдадні якога адбыўся канцэрт, святарства выканала спевы ў гонар Божай Маці — гімн манаха Нектарыя Эгінскага «Ἁγνὴ Παρθένε» і Аляксея Гваздзецкага «Богородіце Дево, радуйся».
Канцэрт стаў Велікоднай мазаікай з каштоўных крышталяў розных хораў, музычным прынашэннем вялікаму святу Уваскрасення Хрыстовага.
Кацярына Фёдарава, музыказнаўца, Брэсцкая епархія / Church.by