У цэху разліву мінеральнай вады ў вёсцы Парэчча адбыўся чын вялікага асвячэння вады

20 студзеня 2017

top.jpg

18 студзеня 2017 года, у першыя хвіліны Вадохрышчанскай куцці, клірык гродзенскага Пакроўскага кафедральнага сабора протаіерэй Аляксандр Наздрын здзейсніў чын вялікага асвячэння вады ў цэху разліву мінеральнай вады ў вёсцы Парэчча Гродзенскага раёна.

Айцу Аляксандру саслужылі дыяканы Пакроўскага сабора Дзмітрый Шэпелеў, Барыс Барадзінчык і дыякан сабора ўсіх Беларускіх святых Антоній Федасееў.

Пасля сумеснай малітвы свяшчэннік павіншаваў усіх са святам Богаяўлення і пажадаў супрацоўнікам цэха міра, любові, дабрабыту ў сем'ях і руплівасці ў славу Божую.

Ужо ўначы 18 студзеня першыя з 15 000 паўтаралітровых бутэлек асвячонай пітной вады з артэзіянскай свідравіны глыбінёй 256 метраў былі дастаўлены ў праваслаўныя храмы Гродна.

Паводле ўспамінаў протаіерэя Аляксандра Наздрына і начальніка цэха разліву мінеральнай вады ААТ «Молочный Мир» Аляксандра Курмана, традыцыя разліву хрышчэнскай вады ў Парэччы зарадзілася ў пачатку двухтысячных гадоў.

Гродзенская епархія / Church.by