У дзень памяці роўнаапостальнага князя Уладзіміра Патрыяршы Экзарх узначаліў Літургію ва Уладзімірскім храме горада Мінска

28 ліпеня 2021

top.jpg

28 ліпеня 2021 года, у дзень памяці роўнаапостальнага вялікага князя Уладзіміра, дзень Хрышчэння Русі, мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі, здзейсніў Бажэственную літургію ў храме роўнаапостальнага князя Уладзіміра горада Мінска.

Яго Высокапраасвяшчэнству саслужылі: старшыня Сінадальнага аддзела Беларускай Праваслаўнай Царквы па пытаннях сям'і, абароны мацярынства і дзяцінства, настаяцель прыхода храма свяціцеля Мікалая Японскага горада Мінска протаіерэй Павел Сярдзюк; старшыня Сінадальнай рэвізійнай камісіі Беларускай Праваслаўнай Царквы, настаяцель прыхода храма роўнаапостальнага князя Уладзіміра горада Мінска протаіерэй Сергій Белеўцаў; клірык Свята-Духава кафедральнага сабора горада Мінска іерэй Дыянісій Кавалёў і клірыкі прыхода.

Падчас набажэнства былі ўзнесены асаблівыя малітоўныя прашэнні аб дараванні міру беларускаму народу і аб спыненні распаўсюджвання шкоднаснай пошасці.

Дыяканскі чын узначаліў протадыякан Уладзімір Назараў.

Богаслужэбныя спевы выканаў хор храма пад кіраваннем Марыны Белеўцавай.

Пропаведзь перад Прычасцем прамовіў іерэй Дыянісій Кавалёў.

Пасля заамвоннай малітвы Патрыяршы Экзарх і саслужачыя святары здзейснілі хрэсны ход з малебным спевам у гонар успаміну Хрышчэння Русі, падчас якога было здзейснена асвячэнне паклоннага крыжа.

Затым уладыка Веніямін павіншаваў прыхаджан і духавенства з прастольным і агульнацаркоўным святам і звярнуўся да людзей, якія маліліся, са словам настаўлення.

Звяртаючыся да вернікаў, архіпастыр звярнуў увагу на тое, што на прыкладзе роўнаапостальнага князя Уладзіміра мы бачым, як клапатліва Гасподзь прыводзіць язычніка да прыняцця хрысціянства. Прыняўшы рашэнне трымацца шляху Хрыстовага, вялікі князь здзяйсняе гэта ва ўсёй паўнаце, а не часткова, як гэта рабілі некаторыя з яго паслядоўнікаў. Дзякуючы гэтаму пачынаецца мір у княстве, і пачынаецца новае жыццё.

Мітрапаліт Веніямін нагадаў, што зусім нядаўна Царква здзяйсняла памяць роўнаапостальнай княгіні Вольгі. «Будучы жанчынай мудрай і надзеленай многімі дабрадзейнасцямі, яна так і не змагла распаўсюдзіць хрысціянства ў сваім княстве, пры гэтым валодаючы той жа княжацкай уладай, як і яе ўнук Уладзімір. І яна шмат смуткавала пра гэта, але потым палажылася на волю Божую. І ўжо праз 19 гадоў здзейснілася тое, чаго яна так чакала», — нагадаў Патрыяршы Экзарх.

«З гэтага мы навучаемся, што не заўсёды нават добрае, што мы жадаем, Гасподзь адразу ж дае нам па нашых малітвах», — адзначыў архіпастыр, патлумачыўшы пры гэтым, што Гасподзь пасылае нам прасімае ў найбольш зручны для гэтага час.

«Хрысціянская вера адкрыла людзям магчымасць духоўна ўзрастаць і дасягаць ангельскага чыну і выратавання душы сваёй, уваходзіць у нябесныя мясціны. Гэта вялікае шчасце, якое падаравана нам і беражліва перадаецца з пакалення ў пакаленне, і за гэта мы сёння асабліва дзякуем Госпаду і молімся аб тым, каб праваслаўная вера ўмацоўвалася на нашых землях, каб мы жылі ў адпаведнасці з той багатай духоўнай спадчынай, якую пакінуў нам святы роўнаапостальны князь Уладзімір», — сказаў уладыка Экзарх.

Пасля богаслужэння з прывітальным словам да Прадстаяцеля Беларускай Праваслаўнай Царквы звярнуўся настаяцель Князь-Уладзімірскага храма протаіерэй Сергій Белеўцаў. Ён павіншаваў уладыку са святам і падзякаваў яму за сумесную малітву, уручыўшы на малітоўную памяць абраз роўнаапостальнага князя Уладзіміра.

У завяршэнне Патрыяршы Экзарх павіншаваў прычаснікаў з прыняццем Святых Хрыстовых Тайн і падаў усім архіпастырскае благаславенне.

Church.by   

Фотарэпартаж