У дзень памяці свяшчэннамучаніка Іаана Варанца мітрапаліт Веніямін узначаліў Бажэственную літургію ў храме вялікамучаніка Георгія Перамаганосца гарадскога пасёлка Смілавічы Чэрвеньскага раёна
20 жніўня 202220 жніўня 2022 году, у пасвята Праабражэння Гасподняга, дзень памяці свяшчэннамучаніка Іаана Варанца, мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі, кіраўнік Барысаўскай епархіі, здзейсніў Бажэственную літургію ў храме вялікамучаніка Георгія Перамаганосца гарадскога пасёлка Смілавічы Чэрвеньскага раёна.
Прадстаяцелю Беларускай Праваслаўнай Царквы саслужылі: сакратар Барысаўскай епархіі, настаяцель храма Ражджаства Хрыстова ў горадзе Барысаве протаіерэй Аляксандр Вярбіла; ганаровы настаяцель храма вялікамучаніка Георгія Перамаганосца гарадскога пасёлка Смілавічы мітрафорны протаіерэй Валяр'ян Бугаенка; благачынны Чэрвеньскай царкоўнай акругі, клірык храма свяціцеля Мікалая Цудатворца горада Чэрвеня протаіерэй Мікалай Літвінчык; настаяцель храма вялікамучаніка Георгія Перамаганосца гарадскога пасёлка Смілавічы іерэй Віктар Баяршчонак; святары Чэрвеньскага благачыння Барысаўскай епархіі.
Дыяканскі чын здзейсніў клірык кафедральнага сабора Уваскрасення Хрыстовага горада Барысава дыякан Уладзімір Букштуновіч.
Богаслужэбныя спевы выканаў парафіяльны хор пад кіраўніцтвам рэгента Ганны Якубоўскай.
На набажэнстве прысутнічалі старшыня Чэрвеньскага райвыканкама Уладзімір Міхайлавіч Навіцкі і старшыня Смілавіцкага сельсавета Ірына Пятроўна Марціновіч.
На малым уваходзе, зважаючы на руплівую працу ў славу Маці-Царквы, і да дня 75-годдзя мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі, удастоіў протаіерэя Валяр'яна Бугаенку права здзяйсняць Бажэственную літургію з адкрытымі царскімі варотамі па «Ойча наш...».
Падчас Літургіі былі ўзнесены асаблівыя малітвы аб аднаўленні міру.
Пропаведзь перад Прычасцем прамовіў святар Мікалай Бондар.
Па адпусце Літургіі мітрапаліт Веніямін узначаліў хрэсны ход, падчас якога здзейсніў чын асвячэння паломніцкага дома. Затым на месцы былых царкоўных могілак на прыхрамавай тэрыторыі была адслужана памінальная ліція па ўсіх ад веку спачылых праваслаўных хрысціянах і свяшчэннаслужыцелях.
Пасля заамвоннай малітвы Патрыяршы Экзарх і саслужачыя святары здзейснілі слаўленне святу Праабражэння Гасподняга і свяшчэннамучаніку Іаану Варанцу.
Затым мітрапаліт Веніямін павіншаваў прысутных са святам і звярнуўся са словам настаўлення.
Благачынны Чэрвеньскай царкоўнай акругі протаіерэй Мікалай Літвінчык быў узнагароджаны епархіяльнай медалём ў гонар іконы Божай Маці Мар'інагорскай II ступені.
У завяршэнне Прадстаяцель Беларускай Праваслаўнай Царквы павіншаваў прычаснікаў з прыняццем Святых Хрыстовых Тайн і падаў усім архіпастырскае благаславенне.
***
Іаан Васільевіч Варанец нарадзіўся 20 чэрвеня 1864 года ў вёсцы Халопенічы Барысаўскага павета Мінскай губерні (цяпер Чэрвеньскі раён Мінскай вобласці) у сям'і святара. Атрымаўшы пачатковую адукацыю, паступіў у Мінскую духоўную семінарыю, пасля яе заканчэння служыў псаломшчыкам у царкве вёскі Скепіева Слуцкага павета Мінскай губерні. 25 сакавіка 1888 года быў рукапаложаны ў іерэі.
Больш за 40 гадоў айцец Іаан служыў у мястэчку Смілавічы Ігуменскага павета Мінскай губерні. Тут ён быў настаяцелем пры Свята-Траецкай царкве, затым-пры Свята-Георгіеўскай. Карыстаўся аўтарытэтам сярод вернікаў.
У 1916-1917 гадах у Смілавічах размяшчаліся тылавыя воінскія часці, і святар здзяйсняў духоўнае акармленне салдат і афіцэраў.
Першы раз ён быў арыштаваны ў 1930 годзе і высланы ў Чарнігаў. Затым зноў вярнуўся ў Смілавічы. Але неўзабаве храм закрылі. Святар стаў здзяйсняць трэбы ў дамах вернікаў. 17 ліпеня 1937 года яго арыштавалі зноў. Пасля некалькіх допытаў айцец Іаан быў прысуджаны да смерці. 19 жніўня 1937 года, у свята Праабражэння Гасподняга, ён быў расстраляны ў Мінскай вобласці. Пахаваны ў невядомай магіле.