У Дзяржынскім гісторыка-краязнаўчым музеі праходзіць выстава, прысвечаная святой Валянціне Мінскай
20 верасня 201818 верасня ў Дзяржынскім гісторыка-краязнаўчым музеі адкрылася выстава «Святая зямлі маёй», прысвечаная жыццю і падзвіжніцкаму шляху блажэннай Валянціны Мінскай — ураджэнкі вёскі Коскі Мінскага павета, якая цяпер уваходзіць у склад Дзяржынскага раёна.
На экспазіцыі прадстаўлены працы ўдзельнікаў Міжнароднага мастацкага пленэру «Святасць зямлі Беларускай». Трэці па ліку арт-форум гэтым летам сабраў 16 мастакоў з Беларусі, Расіі, Украіны, Малдовы. Адна з мэтаў пленэру —даць магчымасць творчым людзям паўдзельнічаць у справах міласэрнасці, выкарыстаць свой дар для дапамогі па прыкладзе блажэннай Валянціны. Па выніках арт-форуму сродкі, атрыманыя ад продажу работ удзельнікаў пленэру, пойдуць на дапамогу дзецям з Івянецкага дома-інтэрната для дзяцей-інвалідаў.
Выставу адкрылі благачынны Дзяржынскай акругі протаіерэй Барыс Палтаржыцкі і настаяцель храма свяціцеля Мікалая Цудатворца ў вёсцы Станькава протаіерэй Аляксандр Мікіцкі. З прывітальным словам выступіла начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Дзяржынскага райвыканкама Наталля Сінюковіч, паведамляе dzr.by.
Паступова сустрэча перарасла ў форму гутаркі. Слухачы даведаліся пра новыя факты з біяграфіі святой, а таксама пазнаёміліся з рэдкімі фотакадрамі.
Сёння імя святой Валянціны Мінскай вядома не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі. З усіх куткоў зямлі людзі пішуць лісты ў Нікольскі храм вёскі Станькава з просьбай памаліцца на месцы спачыну блажэннай. Прыхаджане гэтага храма таксама праводзяць гутаркі, прысвечаныя Валянціне Мінскай, у арганізацыях і школах, на праваслаўных выставах. Такія гутаркі дазваляюць больш даведацца пра жыццё святой, пра тое, як яна дапамагала людзям.
Святая Валянціна нарадзілася ў 1888 годзе ў сям'і святара Фёдара Чарняўскага, які служыў настаяцелем Нікольскага храма ў вёсцы Станькава. Ёй давялося перажыць дзве сусветныя вайны і рэпрэсіі вернікаў з боку савецкай улады. Мужы яе сясцёр — святары — трапілі ў турмы і лагеры. Саму Валянціну з маці новыя ўлады выгналі з дому, канфіскавалі маёмасць. У выніку святую паразіла хвароба: трыццаць тры гады, да самай смерці, яна была прыкаваная да ложка. Многія прыходзілі да яе за парадай або благаславеннем. У лютым 1966 года падзвіжніца адышла да Госпада, а пазней высветлілася, што грошы, якія ёй давалі людзі, яна як ахвяраванне адсылала ў Пачаеўскую Лаўру. У 1990-х гадах з'явіліся першыя публікацыі пра гэтую праведніцу, а ў лютым 2006 года яна была кананізавана і праслаўлена Беларускай Праваслаўнай Царквой у ліку блажэнных.
У біяграфіі Валянціны Мінскай шмат цікавых і незвычайных фактаў. У пяць гадоў яна прынесла з лесу маленькую ялінку і пасадзіла яе недалёка ад храма ў Косках. Валянціна старанна палівала ялінку і малілася Госпаду, каб дрэўца расло і мацнела. Ялінка вырасла ў форме крыжа.
Яшчэ адзін выпадак, які аднойчы адбыўся з юнай Валянцінай, указаў на яе абранне звыш. Карабель, на якім яна плыла ў Кранштат разам са сваім дзядзькам протаіерэем Уладзімірам Свірскім, павінен быў немінуча сутыкнуцца з сустрэчным суднам. Валянціна стала маліцца, і караблі цудам размінуліся.
Выстава «Святая зямлі маёй» будзе працаваць да канца верасня.