У Гомелі асвячоны храм у гонар свяшчэннамучанікаў мітрапаліта Кіеўскага Уладзіміра і прасвітара Лельчыцкага Аляксія
21 кастрычніка 202120 кастрычніка 2021 года, у дзень памяці свяшчэннамучаніка Аляксія, прасвітара Лельчыцкага, архіепіскап Гомельскі і Жлобінскі Сцяфан здзейсніў чын асвячэння храма ў горадзе Гомелі ў гонар свяшчэннамучанікаў мітрапаліта Кіеўскага Уладзіміра і прасвітара Лельчыцкага Аляксія, а затым узначаліў у ім Бажэственную літургію.
Па завяршэнні Літургіі адбыўся хрэсны ход. Затым уладыка Сцяфан павіншаваў прычаснікаў з прыняццем Святых Хрыстовых Тайн і звярнуўся да духавенства і прыхаджан з архіпастырскім словам, у якім павіншаваў усіх з прастольным святам і з такой значнай падзеяй — асвячэннем храма, пажадаўшы каб па малітвах святых Гасподзь напоўніў нашы сэрцы радасцю, аднавіў і ўмацаваў душэўныя і цялесныя сілы, дараваў мір, здароўе і спасенне.
***
Чын кананізацыі свяшчэннамучаніка Аляксія, прасвітара Лельчыцкага, быў здзейснены 21 лістапада 2010 года за Бажэственнай літургіяй пры вялікім зборы вернікаў у Свята-Міхайлаўскім кафедральным саборы горада Мазыра. Руплівасцю архіепіскапа Гомельскага і Жлобінскага Сцяфана (у той час епіскапа Тураўскага і Мазырскага) адразу пасля кананізацыі свяшчэннамучаніка Аляксія пачалося будаўніцтва першага храма ў яго гонар у вёсцы Сырод Калінкавіцкага раёна. Асвячэнне храма адбылося ў 2016 годзе.