У Гомелі адкрылася выстава рэдкіх кніг рэлігійнага зместу «Вялікі дар чалавеку ад Бога»
16 сакавіка 202116 сакавіка 2021 года ў рамках святкавання Дня праваслаўнай кнігі ў горадзе Гомелі адбылося адкрыццё выставы рэдкіх кніг рэлігійнага зместу «Вялікі дар чалавеку ад Бога». Экспазіцыя, якая ўключае выданні XVIII - пачатку XX стагоддзяў са збору Гомельскай епархіі, арганізавана ў Музеі аўтографа Цэнтральнай гарадской бібліятэкі імя А. І. Герцэна.
У прывітальным слове да прысутных архіепіскап Гомельскі і Жлобінскі Сцяфан звярнуў увагу на значнасць праваслаўнай кнігі ў жыцці кожнага чалавека.
«Кніга — гэта мінулае, яна адкрывае нам, як жылі нашы продкі, але таксама кніга дае нам надзею на будучыню, дае нам надзею на будучае жыццё з Хрыстом. У Чатырохевангеллі апісваюцца словы жыцця вечнага. З таго далёкага часу да нас звяртаецца Хрыстос, заклікаючы нас успомніць самыя галоўныя запаведзі: «Любі Госпада Бога твайго і любі бліжняга свайго, як самога сябе». Гэтай любові вучыць нас кніга, Свяшчэннае Пісанне, духоўная літаратура, якая гаворыць аб любові чалавека да чалавека і дае нам магчымасць яшчэ раз абдумаць наша з вамі жыццё», — адзначыў уладыка Сцяфан.
На выставе прадстаўлены выдадзеныя ў розны час Бібліі і Евангеллі, творы свяціцеля Іаана Залатавуста і многае іншае, што складае скарбы не толькі царкоўныя, але ўяўляе цікавасць для гісторыкаў, літаратуразнаўцаў, выдаўцоў, педагогаў.
Асноўная частка экспазіцыі — Мінеі, Тыпіконы, Святцы, Апосталы. Сярод рарытэтаў — некалькі выданняў Лізавецінскай Бібліі 1751 і 1802 гадоў. Лізавецінская Біблія ўпершыню выдадзена ў 1751 годзе ў праўленне імператрыцы Лізаветы Пятроўны. Ад яе імя пераклад і атрымаў сваю назву, з нязначнымі праўкамі да цяперашняга часу Лізавецінская Біблія выкарыстоўваецца як аўтарызаваны для богаслужэння тэкст у Рускай Праваслаўнай Царкве.
На выставе таксама прадстаўлены абразы пачатку XX стагоддзя: Маці Божая Казанская (Беларускае народнае пісьмо, Пасожскі рэгіён), свяціцель Мікалай Цудатворац (Бабіцкая школа), велікамучаніца Варвара (Беларускае народнае пісьмо), Гасподзь Уседзяржыцель (Беларускае народнае пісьмо, Падняпроўскі рэгіён).
Дапаўняе выставу рэдкіх кніг калекцыя сучасных праваслаўных выданняў цэнтральнай гарадской бібліятэкі. Кнігі, сярод якіх нямала каштоўных выданняў, у розны час былі падораны бібліятэцы Гомельскай епархіяй, расійскім цэнтрам навукі і культуры ў Гомелі, установамі, грамадскімі арганізацыямі, прыватнымі асобамі.
Выстава будзе доўжыцца да 30 сакавіка.