У Гомелі адкрыліся VI абласныя Пакроўскія адукацыйныя чытанні
05 лістапада 20204 лістапада ў будынку Гомельскага абласнога выканаўчага камітэта адбылося адкрыццё VI абласных Пакроўскіх адукацыйных чытанняў «Гістарычная памяць народа: 500-годдзе Жыровіцкага манастыра, 550-годдзе яўлення Жыровіцкай іконы Божай Маці, 800-годдзе святога дабравернага князя Аляксандра Неўскага».
Абласныя Пакроўскія адукацыйныя чытанні праводзяцца штогод у кастрычніку-лістападзе, згодна з праграмай супрацоўніцтва паміж Галоўным упраўленнем адукацыі Гомельскага аблвыканкама і Гомельскай, Тураўскай епархіямі Беларускай Праваслаўнай Царквы. Пакроўскія чытанні з'яўляюцца першым этапам у правядзенні штогадовых рэспубліканскіх, а затым Міжнародных Калядных адукацыйных чытанняў у Маскве.
Адкрыццё чытанняў прайшло ў фармаце відэаканферэнцыі і аб'яднала прадстаўнікоў Галоўнага ўпраўлення адукацыі Гомельскага аблвыканкама, аддзелаў адукацыі, спорту і турызму райвыканкамаў, адміністрацый раёнаў горада Гомеля, Гомельскай і Тураўскай епархій.
Удзельнікаў чытанняў вітаў архіепіскап Гомельскі і Жлобінскі Сцяфан і епіскап Тураўскі і Мазырскі Леанід.
Сёлета святкуецца 30-годдзе адраджэння Гомельскай епархіі, да гэтай даты быў выпушчаны вялікі ілюстраваны альманах-летапіс Гомельскай епархіі. Пра гэта распавёў епіскап Светлагорскі Амвросій, які асвятліў асноўныя гістарычныя вехі станаўлення епархіі. З дакладам пра гісторыю капліцы святога дабравернага князя Аляксандра Неўскага, якая некалі знаходзілася ў Гомелі на Базарнай плошчы, і пра ідэі яе адраджэння выступіў протаіерэй Аляксандр Лапушанскі, настаяцель прыхода храма свяшчэннамучаніка Аляксея Лельчыцкага ў Гомелі.
Вопытам сумеснай работы па сямейнаму выхаванню «Аляксандр Неўскі: Бацька, бацькоўства, Айчына» падзяліліся прадстаўнікі Тураўскай епархіі: іерэй Антоній Буян, клірык сабора Казанскай іконы Божай Маці ў горадзе Калінкавічы, і Людміла Заронак, дырэктар ДУА «Сярэдняя школа № 4 горада Калінкавічы».
Падвялі вынікі рэалізацыі праграмы супрацоўніцтва паміж Галоўным упраўленнем адукацыі Гомельскага аблвыканкама і Гомельскай, Тураўскай епархіямі за 2015-2020 гады старшыні аддзелаў рэлігійнай адукацыі і катэхізацыі Гомельскай і Тураўскай епархій — протаіерэй Арцемій Крывіцкі і ігумен Аўксенцій (Абражэй).
Завяршылася пленарнае пасяджэнне падпісаннем праграмы супрацоўніцтва паміж Галоўным упраўленнем адукацыі Гомельскага абласнога выканаўчага камітэта і Гомельскай, Тураўскай епархіямі на 2021-2025 гады. Чакаецца, што ў кожным раёне Гомельскай вобласці будуць падпісаны мясцовыя праграмы супрацоўніцтва.
Далейшая праца чытанняў працягнецца ў фармаце секцый па розных напрамках: адукацыя, сацыяльнае і місіянерскае служэнне, маладзёжная праца, пытанні ўзаемадзеяння Царквы з Узброенымі сіламі і сродкамі масавай інфармацыі, валанцёрская праца і г. д.