У Гомельскай епархіі адбылася навукова-практычная канферэнцыя «Сацыяльна-дэмаграфічная сітуацыя ў Беларусі. Пытанні павышэння нараджальнасці»
16 красавіка 202114 красавіка 2021 года на базе Гомельскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта прайшла навукова-практычная канферэнцыя «Сацыяльна-дэмаграфічная сітуацыя ў Беларусі. Пытанні павышэння нараджальнасці».
Ініцыятарамі форуму выступілі Гомельская епархія Беларускай Праваслаўнай Царквы і Дабрачынны Фонд
падтрымкі сям'і, мацярынства і дзяцінства «Пакроў».
Прывітальныя словы мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага Веніяміна, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі, да ўдзельнікаў канферэнцыі перадаў старшыня Сінадальнай камісіі па пытаннях сям'і, абароны мацярынства і дзяцінства протаіерэй Павел Сярдзюк.
Адкрываючы мерапрыемства, архіепіскап Гомельскі і Жлобінскі Сцяфан выказаў надзею, што праца форуму стане добрай пляцоўкай для дыялогу, асэнсавання існуючых праблем і пошуку шляхоў супрацоўніцтва дзяржавы, Царквы і грамадства на ніве ўмацавання дэмаграфічнай бяспекі, духоўнага і фізічнага здароўя сям'і, абароны мацярынства і дзяцінства, традыцыйных для нашага народа сямейных каштоўнасцяў і прыярытэтаў.
«Пытанні захавання здароўя людзей, паляпшэння дэмаграфічнай сітуацыі і сёння застаюцца прыярытэтнымі ў нашай дзяржаве — адзначыў у прывітальным слове рэктар Гомельскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта Ігар Стома. — Да 2025 года ў Беларусі распрацавана дзяржаўная праграма «Здароўе народа і дэмаграфічная бяспека», адным з заказчыкаў якой з'яўляецца Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь. Але рэалізацыя гэтай найважнейшай дзяржаўнай праграмы абапіраецца на міжведамаснае супрацоўніцтва, прыклад чаму — наша канферэнцыя. Працуючы разам сёння, мы будуем будучыню нашай дзяржавы».
Навукова-практычная канферэнцыя праходзіла ў анлайн-рэжыме. Дыстанцыйна да пленарнага пасяджэння і наступнага круглага стала «Актуальныя пытанні жаночага здароўя» падключаліся прадстаўнікі галоўнага ўпраўлення аховы здароўя Гомельскага аблвыканкама, урачы акушэры-гінеколагі, псіхолагі-кансультанты перадабортнага кансультавання, студэнты Гомельскага дзяржаўнага медыцынскага каледжа, валанцёры грамадскіх арганізацый і іншыя зацікаўленыя асобы.