У Глыбокім адбыліся ўрачыстасці з нагоды 110-годдзя перадачы ў дар сабору ад Святой Гары Афон цудатворнага абраза «Дастойна ёсць»

28 чэрвеня 2021

top.jpg

26 чэрвеня 2021 года ў Глыбокім адбыліся ўрачыстасці з нагоды святкавання 110-годдзя перадачы ў дар ад Святой Гары Афон глыбоцкаму сабору Нараджэння Прасвятой Багародзіцы цудатворнай іконы, іменаванай «Дастойна ёсць» (Мілуючай). Абраз, шануемы глыбачанамі — дакладная копія цудатворнага абраза, які захоўваецца ў алтары саборнага храма сталіцы Афона горада Карые.

Урачыстасці ўзначаліў епіскап Полацкі і Глыбоцкі Ігнацій, які здзейсніў Бажэственную літургію ў кафедральным саборы Нараджэння Найсвяцейшай Багародзіцы горада Глыбокае.

Падчас Літургіі яго Праасвяшчэнству саслужылі: сакратар Полацкай епархіі протаіерэй Аляксандр Пятліцкі, благачынны Глыбоцкай акругі протаіерэй Міхаіл Ізаітка, благачынны Шаркаўшчынскай акругі протаіерэй Віктар Валашчук, настаяцель сабора протаіерэй Сергій Грамыка, протаіерэй Вячаслаў Пешка, протаіерэй Мікалай Войтаў, протаіерэй Сергій Шпудзейка, іерэй Пётр Дайлідзёнак, іерэй Уладзімір Лаўцэвіч, іерэй Дзімітрый Мажэйка, дыякан Іаана Камянкоў, дыякан Барыс Мармузевіч.

Богаслужэбныя спевы выканаў зводны хор пад кіраўніцтвам Галіны Красько.

Пасля заамвоннай малітвы Яго Праасвяшчэнства і саслужачыя яму святары прайшлі хрэсным ходам вакол храма, падчас якога далучыўся іераманах Арыстарх (Шарабайка). Па заканчэнні святары здзейснілі малебен Прасвятой Багародзіцы ў гонар цудадзейнага абраза, іменаванага «Дастойна ёсць» (Мілуючы).

Абраз Багародзіцы напісаны алейнымі фарбамі на кіпарысавым дрэве. Унутры абраза змешчаны часцінкі святых мошчаў многіх угоднікаў Божых і кавалачкі ваты, асвячонай на Гробе Гасподнім, на святых мошчах і перад многімі цудатворнымі абразамі Божай Маці, а таксама кавалачкі ваты, прамочанай святым алеем з непагасных лампад на Гробе Гасподнім, на магіле Божай Маці і на Галгофе.

Ікона акроплена святой вадой з ракі Іардан і з іншых жываносных крыніц і, як абвяшчае дароўны надпіс на адваротным баку іконы «ина многая благодатная Святыня из Иерусалима и с Афона внутри ея сокровенно заделана».

Абраз, згодна з дароўным надпісам — «…дар от некоторых беднейших русских Святогорских иноков-патриотов всечестному отцу настоятелю православной церкви в честь Рождества Пресвятой Богородицы в местечке Глубоком, Литовской епархии, Виленской губернии, Дисненского уезда, священнику Евфимию Диволовскому с причтом и приходом для сей церкви в неотъемлемое достояние, во благословение от святой Горы Афонской сему храму, причту, прихожанам, богомольствующим в нем и благотворителям онаго, селению и по всему округу Православным жителям…». Далей у надпісе змяшчаецца малітва Прасвятой Багародзіцы аб Царкве, прыходзе і краіне.

Паводле дакументальных крыніц, сабраных былым настаяцелем Глыбоцкага сабора, протаіерэем Серафімам Гагалушкам, абраз атрыманы ў пачатку чэрвеня 1911 года і хрэсным ходам пры ўдзеле шматлікага духавенства і пры зборы многіх тысяч багамольцаў быў перанесены ў Глыбокае з прыпынкамі і малебнамі ў населеных пунктах, якія ляжалі па шляху руху.

У апошнія гады аднавілася старая традыцыя — напярэдадні свята ўрачысты хрэсны ход з сабора Нараджэння Прасвятой Багародзіцы горада Глыбокае ідзе ў Беразвецкі жаночы манастыр. У святочным шэсці святары на руках нясуць цудатворную ікону «Дастойна ёсць». Веруючыя гараджане высцілаюць дарогу для Багародзіцы кветкамі.

На наступны дзень абраз пасля Бажэственнай літургіі ў манастыры з хрэсным ходам вяртаецца ў сабор, дзе праходзіць яшчэ адна святочная Літургія з малебнам перад цудатворнай іконай.

Сотні вернікаў прыходзяць у гэты дзень у храм, каб прыняць удзел у саборнай малітве і дакрануцца да святыні. 

Полацкая епархія/Church.by 

Loading...