У Гродзенскай епархіі прайшоў VІ штогадовы сацыяльна-дабрачынны злёт праваслаўнай моладзі «Сустрэча сяброў»

09 жніўня 2019

top.jpg

З 4 па 7 жніўня 2019 года па благаславенню архіепіскапа Гродзенскага і Ваўкавыскага Арцемія ў аграсядзібе «Селяхі» прайшоў VІ штогадовы сацыяльна-дабрачынны злёт праваслаўнай моладзі «Сустрэча сяброў», арганізаваны братчыкамі парафіі святых роўнаапостальных Мяфодзія і Кірыла горада Ваўкавыска пры падтрымцы Ваўкавыскага раённага выканаўчага камітэта.

У дзень прыезду, пасля малебна на пачатак усякай добрай справы, братчыкі заняліся добраўпарадкаваннем намётавага гарадка і месца для вогнішча, каб увесь другі дзень прысвяціць рэпетыцым, падрыхтоўцы да правядзення сацыяльнага дня, уборцы тэрыторыі і дапамозе гаспадарам аграсядзібы.

6 жніўня — дзень прыёму гасцей. Сёлета злёт наведалі больш за 300 прадстаўнікоў 9 раёнаў Гродзенскай вобласці: Бераставіцкага, Воранаўскага, Ваўкавыскага, Лідскага, Шчучынскага, Зэльвенскага, Слонімскага, Свіслацкага, Мастоўскага.

Братчыкі былі поўныя радасці і энтузіязму з самай раніцы, іх настроем зарадзіліся і госці. Свята пачалося з сумеснай малітвы, а пасля гасцям быў прадстаўлены канцэрт, прыгатаваны братчыкамі пры ўдзеле запрошаных гасцей: хору парафіі святых роўнаапостальных Мяфодзія і Кірыла, вучыцеляў Славянскіх, пад кіраўніцтвам матушкі Алены Юзвы, выканаўцаў з усіх раённых аддзяленняў дзённага знаходжання інвалідаў.

Праграма мерапрыемства складалася з танцаў, песень, сцэнак, гульні на музычных інструментах, вершаў. Пасля харавых спеваў і традыцыйнага выканання песні «Алілуя» малодшыя братчыкі выступілі з нумарамі. Прагучалі песні і танцы ў выкананні Ганны Юзвы, Анастасіі і Кацярыны Буцько, вершы Ганны Юзвы і Іваны Гіз. Асаблівую падзяку арганізатары выказваюць вядучым — Валерыі Стульгіс і Ягору Гізу.

Пасля смачнага і сытнага абеду гасцям быў прадастаўлены вольны час, дзе кожны мог знайсці для сябе цікавы занятак. Па ўсёй тэрыторыі аграсядзібы размясціліся «станцыі», на якіх братчыкі прапаноўвалі рознае забаўлянкі: майстар-класы твістынгу, аквагрыму, аплікацый з каляровай солі, пляцення рызіначкамі, вырабу слайма і вырабаў з фоамірана, дэкупажу і малявання мыльнымі бурбалкамі; спаборніцтвы па стральбе (цір) дапамаглі разварушыцца пасля доўгага канцэрта і падняць камандны дух. Самыя актыўныя ўдзельнікі атрымалі памятныя прызы.

Падчас злёту традыцыйныя гутаркі са святарамі былі даступныя для ўсіх жадаючых. Ваўкавыскі дом рамёстваў таксама правёў майстар-клас па скульптурнай лепцы з гліны і ганчарным майстэрстве, дзе кожны жадаючы мог зрабіць штосьці сваімі рукамі.

На працягу дня былі арганізаваны сустрэчы з работнікамі МНС і Дэпартамента аховы МУС. Увечары на агеньчык завіталі байкеры.

Ад'язджаючы, госці дзякавалі ўсім братчыкам і арганізатарам за цудоўна праведзены дзень і выдатны настрой.

Арганізатары выказваюць падзяку ўсім, хто дапамагаў у арганізацыі і правядзенні злёту: Ваўкавыскаму раённаму выканаўчаму камітэту і яго старшыні Міхаілу Міхайлавічу Сіцько, намесніку старшыні Дзмітрыю Мікалаевічу Юшыну, упраўленню адукацыі і аддзелу культуры Ваўкавыскага раённага выканаўчага камітэта, ААТ «Ваўкавыскі мясакамбінат» (дырэктар Уладзімір Анатольевіч Бяляеў), ААТ «Беллакт» (дырэктар Аляксандр Міхайлавіч Яроцкі), КУП ВКХ (дырэктар Андрэй Юр'евіч Клусаў), дырэктару ААТ «Аэліта» галіне Якаўлеўне Апановіч, дырэктару ААТ «Кантакт» Міхаілу Фёдаравічу Пілюку, дырэктару Ваўкавыскага хлебазавода Юрыю Міхайлавічу Бачану, кіраўнікам сельскагаспадарчых прадпрыемстваў Сяргею Сяргеевічу Чаркоўскаму, Віктару Антановічу Заміроўскаму, Юрыю Уладзіміравічу Касталомаву, начальнікам і супрацоўнікам РАНС Ваўкавыскага раёна, установы Дэпартамента аховы МУС РБ горада Ваўкавыска, Ваўкавыскаму РАУС і ўсім неабыякавым і папрацаваўшым пры арганізацыі сацыяльна-дабрачыннага злёту «Сустрэча сяброў».

Асаблівая падзяка выказваецца гаспадарам аграсядзібы «Селяхі» — Пятру Сямёнавічу і Наталлі Паўлаўне Верацілам, якія заўсёды дапамагаюць брацтву ў правядзенні злётаў і сустрэч.

Гродзенская епархія / Church.by