У Гродзенскім дзяржаўным музеі гісторыі рэлігіі працуе выстава «Багаслоўе прыгажосці»

20 сакавіка 2020

18feb_vyst_2020.jpg

Гродзенскі дзяржаўны музей гісторыі рэлігіі запрашае прыхаджан гродзенскіх храмаў, навучэнцаў нядзельных школ і ўсіх, хто цікавіцца царкоўным мастацтвам і гісторыяй Бажэственнай літургіі на выставу «Багаслоўе прыгажосці (Літургія як сінтэз царкоўных мастацтваў)», прымеркаваную да XIX Міжнароднага фестывалю праваслаўных спеваў «Каложскі Дабравест».

«Праваслаўнае богаслужэнне — гэта сінтэз мастацтваў. Прыгажосць, як Слава Божая, напаўняе храм. Царкоўная архітэктура і фрэскавы роспіс, іканапіс і старажытнарускае шыццё, царкоўныя спевы (у Праваслаўнай Царкве без суправаджэння інструмента) і паэзія царкоўных спеваў, мастацтва адзенняў і пластыка руху царкоўнаслужыцеляў, мастацтва асвятлення (лампады і свечкі) і мастацтва духмяных рэчываў (фіміям каджэння) — усё зліта ў адзінае служэнне Богу», — пісаў мітрапаліт Піцірым (Нячаеў), адзін з іерархаў Рускай Праваслаўнай Царквы 2-й паловы XX стагоддзя. Уся палітра царкоўных мастацтваў яўлена ў Бажэственнай літургіі.

На выстаўцы экспануюцца прадметы з фондаў музея — абразы, літургічнае начынне, кнігі, літургічныя ўборы і богаслужэбна-іерархічныя ўзнагароды.

Выстава працуе да 5 красавіка.

Гродзенская епархія / Church.by