У Гродне з'явіцца вуліца імя мітрапаліта Філарэта (Вахрамеева), першага Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі
16 кастрычніка 2021Гродзенская гарадская тапанімічная камісія прыняла рашэнне перайменаваць частку вуліцы Горкага на ўчастку ад плошчы Тызенгаўза да перасячэння вуліц 17 верасня і Камунальнай. Адрэзак вуліцы будзе названы ў гонар мітрапаліта Філарэта (Вахрамеева; 1935-2021), першага Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі.
У пачатку гэтай вуліцы размешчаны Гродзенскае епархіяльнае ўпраўленне і храм свяціцеля Мікалая Цудатворца. У планах Гродзенскай епархіі ўсталяваць на нядаўна названай вуліцы помнік мітрапаліту Філарэту.
У грамадскім галасаванні па перайменаванні прынялі ўдзел 1968 рэспандэнтаў з Гродна і іншых гарадоў краіны. Падтрымалі праект 90% удзельнікаў галасавання. На пасяджэнні ў Гродзенскім гарвыканкаме экспертная камісія падчас выніковага галасавання таксама падтрымала гэтую ініцыятыву.