У храме Нараджэння Прасвятой Багародзіцы ў Тарасаве памаліліся аб упакаенні праваахоўнікаў, якія загінулі пры выкананні службовага абавязку

06 сакавіка 2018

top.jpg

3 сакавіка прыход храма Нараджэння Прасвятой Багародзіцы ў вёсцы Тарасава Мінскага раёна наведалі сем'і супрацоўнікаў органаў унутраных спраў і ваеннаслужачых унутраных войскаў, якія загінулі пры выкананні службовага і воінскага доўгу.

Была здзейснена паніхіда па загінулых вартаўніках парадку. Узначаліў набажэнства настаяцель прыхода, старшыня Сінадальнага аддзела Беларускай Праваслаўнай Царквы па ўзаемадзеянню з узброенымі сіламі і іншымі воінскімі фарміраваннямі Рэспублікі Беларусь протаіерэй Сергій Кузьмянкоў.

Перад пачаткам паніхіды айцец Сергій зачытаў прывітальнае слова мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага Паўла, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі, звернутае да родных і блізкіх загінуўшых праваахоўнікаў.

Супрацоўнікам органаў унутраных спраў і ваеннаслужачым унутраных войскаў, якія гераічна загінулі ў барацьбе са злачыннасцю, была абвешчана вечная памяць, а іх родным і блізкім выказаны словы добрых пажаданняў і ўручаны памятныя падарункі.

Протаіерэй Сергій Кузьмянкоў правёў для гасцей экскурсію па прыходскаму комплексу.

Завяршылася сустрэча памінальнай трапезай.

Church.by