У Інстытуце тэалогіі БДУ пачала працу фотавыстава «Адкрыты дыялог: міжнародная і адукацыйная дзейнасць мітрапаліта Філарэта (Вахрамеева)»

19 кастрычніка 2021

lvIaww1WaXc.jpg

15 кастрычніка 2021 года ў Інстытуце тэалогіі імя святых Кірыла і Мяфодзія БДУ пачала працу фотавыстава «Адкрыты дыялог: міжнародная і адукацыйная дзейнасць мітрапаліта Філарэта (Вахрамеева, 1935-2021), першага Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі».

Выстава прымеркаваная да двух кастрычніцкіх дат: 43-й гадавіны (10 кастрычніка) прызначэння мітрапаліта Філарэта на беларускую кафедру і 92-гадавіне (15 кастрычніка) з дня нараджэння яго настаўніка мітрапаліта Нікадзіма (Ротава).

Экспазіцыя ўключае два тэматычныя блокі. Першы распавядае аб дзейнасці мітрапаліта Філарэта ў якасці рэктара Інстытута тэалогіі БДУ, другі — аб яго міжнароднай дзейнасці, якая ажыццяўлялася ў рамках Міжнароднага грамадскага аб'яднання «Хрысціянскі адукацыйны цэнтр імя святых Мяфодзія і Кірыла» і іншых міжнародных арганізацый.

На прадстаўленых фотаздымках захаваныя такія падзеі, як наведванне ў чэрвені 1995 года факультэта тэалогіі Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта Свяцейшым Патрыярхам Аляксіем II; два першыя выпускі Інстытута тэалогіі — 1997 года і 1998 года; правядзенне першых Кірыла-Мяфодзіеўскіх чытанняў; сустрэчы мітрапаліта Філарэта з прадстаўнікамі рэлігійных і грамадскіх арганізацый, удзел у форумах, замежныя камандзіроўкі і многае іншае.

ykyCyhsjmNM.jpg

На адкрыцці выставы прысутнічалі і выступілі з прывітальным словам першы прарэктар Інстытута тэалогіі протаіерэй Сергій Гардун, старшыня праўлення Міжнароднага грамадскага аб'яднання «Хрысціянскі адукацыйны цэнтр імя святых Мяфодзія і Кірыла» святар Святаслаў Рагальскі і прарэктар па выхаваўчай рабоце Мінскай духоўнай вкадэміі святар Віктар Кулага.

Перад гасцямі мерапрыемства выступіў хор капліцы імя святых Мяфодзія і Кірыла пад кіраўніцтвам Кацярыны Гарохавай.

photo_2021-10-15_21-02-21.jpg
Выставу можна наведаць да 15 лістапада па будных днях з 16.00 да 20.00, у выхадныя дні — па папярэдняй дамоўленасці з кіраўніцтвам Інстытута тэалогіі.

Фота: Карына Жаброўская

 Church.by