Напярэдадні 75-годдзя Вялікай Перамогі ва Усіхсвяцкім храме горада Мінска прайшла ўрачыстая цырымонія з удзелам Кіраўніка дзяржавы
08 мая 20208 мая 2020 года Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка прыняў удзел ва ўрачыстай цырымоніі закладкі капсул з зямлёй, сабранай у месцах вайсковай славы і гібелі мірнага насельніцтва, якая праходзіла ў Мінску ў храме-помніку ў гонар Усіх святых і ў памяць аб ахвярах, якія выратаванню Айчыны нашай паслужылі.
Да прыбыцця Прэзідэнта каля храма прызямліўся верталёт, на борце якога знаходзіліся капсулы з зямлёй з абласных цэнтраў, Мінскай вобласці і горада-героя Мінска. У суправаджэнні роты ганаровай варты іх даставілі да ўваходу ў храм, куды прыбыў Кіраўнік дзяржавы. Аляксандр Лукашэнка за калонай вайскоўцаў прайшоў у Вялікую залу крыпты храма.
Кіраўнік дзяржавы прыняў удзел у закладцы капсул і запаліў свечку ў памяць аб загінуўшых воінах і нявінных ахвярах Вялікай Айчыннай вайны. На цырымоніі таксама прысутнічалі вышэйшыя службовыя асобы, кіраўнікі грамадскіх аб'яднанняў (БРСМ, Беларускага грамадскага аб'яднання ветэранаў, Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі), дыпламаты, прадстаўнікі рэгіёнаў.
— Вялікі дзякуй усім вам за тое саратніцтва, якое вы здзейснілі напярэдадні гэтага вялікага свята. Жадаю моцнага здароўя, мужнасці, не падайце духам. У нас абавязкова будзе ўсё добра, — сказаў Аляксандр Лукашэнка, размаўляючы з удзельнікамі цырымоніі.
Раней у крыпту храма-помніка былі ўстаноўлены капсулы з зямлёй, сабранай у месцах воінскай славы раёнаў Беларусі, гарадоў-герояў Расіі і Украіны, Аўстрыі, Нарвегіі, Польшчы, Сербіі, Фінляндыі, Малдовы, Латвіі, Румыніі, Венгрыі, Эстоніі.
Мерапрыемства з'яўляецца кульмінацыяй патрыятычнага праекта «У славу агульнай Перамогі!», пачатак якога Прэзідэнт абвясціў падчас выступлення 9 мая 2019 года на плошчы Перамогі ў Мінску. На працягу года ва ўсіх рэгіёнах Беларусі праводзіліся акцыі па закладцы ў капсулы зямлі з месцаў воінскай славы. Яны праходзілі ва ўрачыстай абстаноўцы з удзелам ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, прадстаўнікоў органаў улады, працоўных калектываў, грамадскіх арганізацый, святароў, навучэнцаў, ваенных. Да правядзення акцыі далучыліся і замежныя дзяржавы. У нішы крыпты храма ўстаноўлены капсулы з зямлёй з гарадоў-герояў Валгаграда, Керчы, Кіева, Масквы, Адэсы, Севастопаля, Смаленска, а таксама з дзяржаў, якія змагаліся з фашызмам у гады Вялікай Айчыннай вайны.