Напярэдадні свята Уздзвіжання Крыжа Гасподняга мітрапаліт Веніямін здзейсніў усяночнае трыванне ў Свята-Духавым кафедральным саборы горада Мінска
26 верасня 202026 верасня 2020 года, напярэдадні свята Сусветнага Уздзвіжання Пачэснага і Жыватворнага Крыжа Гасподняга, мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі, здзейсніў усяночнае трыванне з чынам Уздзвіжання Крыжа Хрыстова ў Свята-Духавым кафедральным саборы горада Мінска.
Перад пачаткам богаслужэння ў галоўны храм беларускай сталіцы былі прынесены дакладная копія Жыровіцкай іконы Божай Маці і копія Гадзенаўскага крыжа — старажытнай цудатворнай выявы Укрыжавання Госпада Іісуса Хрыста. Да гэтага копія Жыровіцкай іконы прарабіла тыднёвы шлях па краіне, пабываўшы ў Тураве, Мазыры, Гомелі, Бабруйску, Магілёве, Віцебску, Барысаве.
За ўсяночным трываннем прадстаяцелю Беларускай Царквы саслужылі: першы прарэктар Інстытута тэалогіі БДУ протаіерэй Сергій Гардун, сакратар Мінскай епархіі протаіерэй Андрэй Волкаў і клірыкі кафедральнага сабора.
Богаслужэбныя спевы выканаў архіерэйскі хор Свята-Духава сабора пад кіраўніцтвам Віталя Сабалеўскага.
Пасля вынасу з алтара адноўленага Тураўскага крыжа адбыўся хрэсны ход з крыжам вакол сабора. У адпаведнасці з традыцыйным богаслужэбным чынам адноўлены Тураўскі крыж быў уздзвіжаны падобна свайму першаўзору — Крыжу Хрыстову, 17 стагоддзяў таму знойдзенаму на Святой Зямлі роўнаапостальнай царыцай Аленай і ўзвышанаму (г. зн. высока паднятаму для ўсеагульнага агляду) патрыярхам Іерусалімскім Макарыем. Пры вялікім зборы народа мітрапаліт Веніямін са святарамі ўздзвізаў Тураўскі крыж на ганку сабора, асабліва молячыся пры гэтым за Беларусь і благаслаўляючы крыжам веруючы народ.
Па заканчэнні богаслужэння Патрыяршы Экзарх звярнуўся да багамольцаў з пропаведдзю аб Крыжы Хрыстовым як сродку перамогі дабра над злом, заклікаўшы з'яднацца ў малітве і любові да Бога і блізкіх.