У Камісію па кананізацыі святых БПЦ перададзены ўнікальныя матэрыялы з Нацыянальнага гістарычнага архіва аб святым праведным Іаане Кармянскім

09 красавіка 2023

4.jpg

У Нацыянальным гістарычным архіве Рэспублікі Беларусь адбылася сустрэча членаў Камісіі па кананізацыі святых Беларускай Праваслаўнай Царквы протаіерэя Аляксандра Лапушанскага і іерэя Расціслава Бандарэнкі з супрацоўнікамі архіва.

Ва ўрачыстай абстаноўцы ў архіў камісіі былі перададзеныя матэрыялы, якія тычацца жыцця і служэння святога праведнага Іаана, цудатворца Кармянскага, якія праліваюць святло на прабелы ў яго біяграфіі.

 

Адным з найважнейшых дакументаў стала завераная копія метрычнага запісу аб дакладным дні і абставінах скону айца Іаана, якая нядаўна была выяўлена вядучым навуковым супрацоўнікам аддзела выкарыстання дакументаў і інфармацыі Нацыянальнага гістарычнага архіва Уладзімірам Дзянісавым. З запісу вынікае, што праведны Іаан Кармянскі памёр 14 красавіка (27 красавіка паводле новага стылю) 1919 года.

 

Сярод новаадкрытых матэрыялаў былі выяўлены таксама і богаслужэбныя дзённікі святара. У святле атрыманых звестак рыхтуецца публікацыя новага, ужо дапоўненага і больш маштабнага даследавання, які адносіцца да жыцця і служэння айца Іаана. А таксама выданне яго богаслужэбных дзённікаў.

5.jpg

Свяшчэннаслужыцелі выказалі супрацоўнікам архіва словы падзякі за атрыманую вельмі каштоўную інфармацыю. У завяршэнне сустрэчы протаіерэй Аляксандр Лапушанскі перадаў у навукова-даследчую бібліятэку архіва некалькі асобнікаў падрыхтаванага ім навуковага выдання ўспамінаў вядомага гомельскага святара першай паловы ХХ стагоддзя Пятра Кузьміча Рыла (1884-1937), а іерэй Расціслаў Бандарэнка перадаў у дар архіву на пастаяннае захоўванне арыгіналы кнігі спаведных ведамасцяў Ланьскай (сяло Лань) царквы Слуцкага павета Мінскай губерні за 1907 год.

Гомельская епархія/Church.by

Чытайце нас у мэсэнджэрах Telegram і Viber

сацсетках InstagramВКонтакте

Facebook і Одноклассники