У Лідскім Палацы культуры адбылася праграма «На зямлі толькі Адзін Гасподзь — Іісус Хрыстос!»

24 красавіка 2018

top.jpg

У Нядзелю святых жанчын-міраносіц у Палацы культуры горада Ліды адбылася духоўна-асветніцкая праграма «На зямлі толькі Адзін Гасподзь — Іісус Хрыстос!»

У рамках праграмы былі прадстаўлены:

- літаратурна-паэтычная кампазіцыя з удзелам выхаванцаў праваслаўнай тэатральна-музычнай студыі «Вясёлка» пры храме Усіх святых у горадзе Лідзе;

- велікодны вернісаж прысмакаў для радасці, падрыхтаваны прыхаджанамі Усіхсвяцкага храма;

- выстава велікодных сувеніраў творчай майстэрні нядзельнай школы храма;

- майстар-класы па вырабе велікодных сувеніраў у рознай тэхніцы, а таксама гульнявая пляцоўка «Велікодныя гульні» з удзелам Лідскага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі.

На свяце прысутнічалі: старшыня Лідскага раённага Савета дэпутатаў Інэса Белуш, дырэктар Палаца культуры Ірына Тур, старшыня Лідскай раённай арганізацыі грамадскага аб'яднання «Беларускае таварыства інвалідаў па зроку» Ірына Лыскоўская, падапечныя аддзялення дзённага знаходжання для маладых інвалідаў і інваліды па зроку, праваслаўныя лідчане.

Адкрыў святочнае мерапрыемства настаяцель храма Усіх святых протаіерэй Уладзімір Яроміч. Святар павіншаваў усіх са святам Светлага Хрыстовага Уваскрасення і святых жанчын-міраносіц і пасля ўсеагульнага спеву трапара Пасхі благаславіў выхаванцаў нядзельнай школы на добрую справу.

Маляўнічыя касцюмы, урачыстыя спевы, лірычныя танцавальныя нумары, а таксама вясёлыя дзіцячыя твары парадавалі гледачоў.

З цёплымі словамі прывітання да прысутных звярнуліся старшыня раённага Савета дэпутатаў Інэса Белуш і дырэктар ДК Ірына Тур.

У заключэнне айцец Уладзімір прамовіў павучальнае слова, уручыў удзельнікам свята велікодныя падарункі і ўдзяліў пастырскае благаславенне.

Лідская епархія / Church.by