У краме «Кніжная нара» прайшоў вечар-кватэрнік невідушчых паэтаў

08 кастрычніка 2018

top.jpg

2 кастрычніка 2018 года ў мінскай краме «Кніжная нара» адбыўся вечар невідушчых паэтаў імя свяшчэннамучаніка Уладзіміра Хіраскі, прысвечаны творчасці Святланы Жук.

— Святлана — разумны і тонкі паэт. Яна працуе на ўнітарным прадпрыемстве «Святлопрыбор» ГА «БелТИЗ», а ў вольны ад працы час займаецца творчасцю. Яе вершы заўсёды актуальныя. У гэтых маленькіх пасланнях — і рэальнае штодзённае жыццё, і патаемныя мары. Узаемаадносіны паміж людзьмі, думкі і сакрэты з самай глыбіні сэрца — і разам з тым дзіўная лёгкасць і прастата падачы, — распавядае іерэй Дзімітрый Ворса, настаяцель прыхода храма свяшчэннамучаніка Уладзіміра Хіраскі ў горадзе Мінску.

Раскрыць сэнс лірыкі дапамагло жывое музычнае суправаджэнне. Падтрымаць Святлану прыехаў інклюзіўны акадэмічны дзіцячы хор «Радасць душы» пад кіраваннем Алены Маславай.

— Атмасферу вечара ўпрыгожыў незвычайны інтэр'ер крамы. Абажур, маленькія канапкі, мяккае дывановае пакрыццё на падлозе, падушачкі, на якіх размясціліся прысутныя — усе гэта стварыла ўражанне, што ты знаходзішся ў утульнай кватэры, — кажа айцец Дзімітрый.

Вечар адбыўся ў рамках супрацоўніцтва прыхода храма свяшчэннамучаніка Уладзіміра Хіраскі, тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Фрунзенскага раёна сталіцы і Мінскай абласной арганізацыі ГА «БелТІЗ».

Госцяй кватэрніка стала галоўны рэдактар газеты «Пераходны ўзрост» Жанна Шчурок. Жанна Генадзьеўна перадала Мінскай абласной арганізацыі ГА "БелТІЗ" сертыфікаты на гадавую падпіску на газету для дзяцей-падлеткаў, якія выхоўваюцца ў сем'ях інвалідаў па зроку.

Church.by