У Мінск з Нью-Ёрка прынясуць часцінкі мошчаў прападобнамучаніц вялікай княгіні Лізаветы і інакіні Варвары

26 мая 2019

StElizabeth.jpg

З 29 мая па 6 чэрвеня 2019 года ў Мінску будзе знаходзіцца каўчэг з правіцай святой прападобнамучаніцы вялікай княгіні Лізаветы і з часцінкай мошчаў прападобнамучаніцы інакіні Варвары. У беларускую сталіцу вялікая святыня будзе прынесена са Знаменскага Сінадальнага сабора горада Нью-Ёрка. Святыню прывозяць ключнік сабора протаіерэй Андрэй Сомер і прадстаўнікі Моладзевай асацыяцыі святога князя Уладзіміра.

У ЗША каўчэг з правіцай святой Лізаветы і часткай мошчаў святой Варвары знаходзіцца з 1981 года. Святыню перанеслі з Гефсіманіі пасля знойдзення мошчаў вялікай княгіні Лізаветы і інакіні Варвары і іх кананізацыі ў ліку святых Рускай Праваслаўнай Зарубежнай Царквой (у 1992 годзе кананізаваныя Рускай Праваслаўнай Царквой).

Вялікая княгіня Лізавета (1864 — 1918) была Гесэнскай прынцэсай і прыходзілася унучкай каралеве Вялікабрытаніі Вікторыі. Яна стала жонкай вялікага князя Сяргея Аляксандравіча Раманава і так звязала сваё жыццё з Расіяй. Яе мужа ў 1905 годзе забіў тэрарыст. Пасля гэтай трагічнай падзеі вялікая княгіня прысвяціла сябе служэнню Богу і людзям. У 1909 годзе яна заснавала ў Маскве Марфа-Марыінскую абіцель міласэрнасці. У ноч на 18 ліпеня 1918 года савецкай уладай вялікую княгіню Лізавету, інакіню Варвару, членаў роду Раманавых і блізкіх да іх людзей скінулі ў шахту пад Алапаеўскам. Астанкі мучаніц Марыі і Варвары ў 1921 годзе былі прывезены ў Іерусалім, і з таго часу яны знаходзяцца ў храме роўнаапостальнай Марыі Магдаліны.

Святая Лізавета — адна з найвялікшых падзвіжніц ХХ стагоддзя. Урачы, супрацоўнікі сацыяльных служб і дабрачынцы лічаць яе сваёй нябеснай заступніцай. Ёй моляцца за дзяцей, аб благаславенні сям'і, у хваробах і любых жыццёвых сітуацыях просяць яе духоўнай дапамогі.

Прынясенне каўчэга з правіцай святой прападобнамучаніцы ажыццяўляецца па благаславенню мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага Паўла, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі, пры падтрымцы Сінадальнага аддзела па справах моладзі Беларускай Праваслаўнай Царквы.

Таксама разам са святыняй праваслаўная моладзь ЗША прывязе сродкі для дзяцей-інвалідаў рэабілітацыйнага цэнтра «Самаранін» у горадзе Пінску. Летась Моладзевая асацыяцыя святога князя Уладзіміра дапамагла Мінскаму дому-інтэрнату для дзяцей з асаблівасцямі развіцця. За кошт сабраных сродкаў на тэрыторыі інтэрната быў створаны сэнсарны садок і кантактны заапарк.

Месцы і час знаходжання святыні ў Мінску:

  1. Свята-Духаў кафедральны сабор (вул Кірыла і Мяфодзія, 3).
  • 29 мая (серада) з 17:00 да 22:00;
  • 30 мая (чацвер) з 6:00 да 16:00.
  1. Свята-Лізавецінскі манастыр, храм у гонар іконы Божай Маці «Дзяржаўная» (вул. Выгоцкага, 6)
  • з 30 мая (чацвер) да 6 чэрвеня (чацвер) з 7:00 да 22:00 (30 мая з 17: 00 да 22: 00).

Прэс-падыход адбудзецца пасля ўрачыстага малебна ў гонар прыбыцця святыні ў аэрапорце «Мінск-2» (зала афіцыйных дэлегацый) у 13:00.

На пытанні журналістаў адкажуць:

- протаіерэй Андрэй Сомер — намеснік старшыні моладзевага Сінадальнага аддзела Рускай Праваслаўнай Царквы За Мяжой і кіраўнік моладзевай асацыяцыі князя Уладзіміра, узначальвае дэлегацыю з ЗША;

- протаіерэй Іаан Задарожын — старшыня Сінадальнага аддзела па справах моладзі Беларускай Праваслаўнай Царквы;

- протаіерэй Андрэй Лемяшонак — духаўнік Свята-Лізавецінскага манастыра.

Акрэдытацыя па тэлефоне: + 375 (29) 315-93-80 (Марыя Котава).

У дні знаходжання святыні ў Свята-Лізавецінскім манастыры будзе працаваць прэс-цэнтр: +375 (29) 270 44 94; +375 (29) 185 47 88 (Валянціна Аляксееўна Сцяпанава).

Свята-Лізавецінскі манастыр / Church.by