У Мінску малітоўна адзначылі Дзень тэзаімянінаў мітрапаліта Філарэта

14 снежня 2018

top.jpg

14 снежня 2018 года, у дзень памяці святога праведнага Філарэта Міласцівага — дзень тэзаімянінаў мітрапаліта Філарэта, Ганаровага Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі, у дамавым храме Мінскага епархіяльнага ўпраўлення ў гонар Сабора Беларускіх святых была здзейснена святочная Бажэственная літургія.

Богаслужэнне ўзначаліў мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Павел, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі. Яго Высокапраасвяшчэнству саслужылі: мітрапаліт Смаленскі і Дарагабужскі Ісідар; архіепіскап Брэсцкі і Кобрынскі Іаан; епіскапы: Барысаўскі і Мар'інагорскі Веніямін; Слуцкі і Салігорскі Антоній; Бараўлянскі Ігнацій, вікарый Мінскай епархіі. За літургіяй маліўся мітрапаліт Філарэт, Ганаровы Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі.

Архіерэям саслужылі: благачынны 3-й Мінскай гарадской акругі, настаяцель прыхода храма дабравернага князя Аляксандра Неўскага ў горадзе Мінску протаіерэй Мікалай Коржыч; ключнік дамавога храма Сабора Беларускіх святых іерэй Макарый Кавалёў і госці ў свяшчэнным сане.

Спевы Бажэственнай літургіі выканаў хор пад кіраваннем Віталя Сабалеўскага.

Богаслужэнне наведаў Упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Леанід Паўлавіч Гуляка.

Радасць малітоўных зносін з саборам архіпастыраў падзялілі клірыкі Беларускай Праваслаўнай Царквы, ігуменні жаночых манастыроў і мноства вернікаў.

За богаслужэннем былі ўзнесены асаблівыя малітоўныя прашэнні аб здароўі цяпер тэзаімянітага мітрапаліта Філарэта. Пасля патроенай екценні мітрапаліт Павел узнёс малітву аб міры на Украіне.

Па завяршэнні богаслужэння ўладыка Павел цёпла павіншаваў мітрапаліта Філарэта з днём Ангела ад імя кліру і паствы Беларускай Праваслаўнай Царквы, а таксама абвясціў віншавальны адрас Свяцейшага Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Кірыла. Ганароваму Патрыяршаму Экзарху былі паднесеныя святая прасфара і букет кветак.

Мітрапаліт Ісідар павіншаваў уладыку Філарэта ад імя вернікаў Смаленшчыны — расійскага рэгіёна, які мяжуе з Беларуссю і гістарычна падтрымлівае добрыя сяброўскія сувязі з нашай краінай.

Леанід Паўлавіч Гуляка, зачытаўшы віншавальны адрас Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі, уручыў Ганароваму Патрыяршаму Экзарху віншавальныя адрасы ад Кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Наталлі Іванаўны Качанавай і ад сябе асабіста.

Усім прысутным, багамольцам, уладам, войску і народу Беларусі было абвешчана мнагалецце.

Затым мітрапаліт Філарэт прыняў віншаванні ад духавенства і набожных міран, падаўшы кожнаму архіпастырскае благаславенне.  

Church.by

Фотарэпартаж