У Мінску прайшоў вечар праваслаўнай культуры Грузіі

29 лістапада 2019

top.jpg

У парафіі абраза Божай Маці «Няўпіўная Чаша» горада Мінска адбыўся вечар праваслаўнай культуры Грузіі. На сустрэчу былі запрошаны прадстаўнікі грузінскай дыяспары і ўсе жадаючыя бліжэй пазнаёміцца з гісторыяй хрысціянства і традыцыямі гэтай краіны, якую святлом Евангелля прасвятліў яшчэ ў I стагоддзі святы апостал Андрэй Першазванны.

Вечар адкрыў уступным словам настаяцель прыхода протаіерэй Дыянісій Пясецкі. Ён распавёў усім прысутным аб тым незгладжальным уражанні, якое ў свой час пакінула наведванне Грузіі ў яго сэрцы і якое заахвоціла яго падзяліцца са сваімі прыхаджанамі дзіўнымі прыкладамі веры і пабожнасці са старажытнай і сучаснай гісторыі гэтай краіны.

Аб апостальскай працы святой роўнаапостальнай Ніны і святой дабравернай царыцы Тамары распавялі клірык парафіі іерэй Аляксій Кісель і алтарнік храма Яўген Хадзько.

Пра грузінскага святога ХХ стагоддзя, прападобнага Гаўрылв Самтаўрыйскага (Ургебадзе), распавяла дырэктар нядзельнай школы парафіі матушка Марына Пясецкая.

Пастаянная і актыўная прыхаджанка храма Нана Чубінашвілі пазнаёміла прысутных з жыціем сваёй нябеснай заступніцы — святой роўнаапостальнай царыцы Наны Іверскай. Яна таксама падрыхтавала прэзентацыю мастацтва вінаробства, якое займае асаблівае месца ў грузінскай культуры, паколькі Божае благаславенне Грузія атрымала ад крыжа святой роўнаапостальнай Ніны, зробленага з вінаграднай лазы.

Сустрэча завяршылася падзячным словам прадстаўніка грузінскай дыяспары, які выказаў шчырую радасць за тое, што беларусы так жыва цікавяцца гісторыяй і традыцыямі грузінскага народа.

Вечар грузінскай праваслаўнай культуры актыўна падтрымаў парафіяльны хор, у выкананні якога гучалі трапары ўсім святым, пра якіх ішла размова на мерапрыемстве. У якасці музычнага падарунка для ўсіх прысутных прагучала адна з самых папулярных грузінскіх музычных кампазіцый, неафіцыйны гімн сталіцы Грузіі — «Тбілісо».

Па заканчэнні афіцыйнай часткі ўсе ўдзельнікі вечара былі запрошаны пакаштаваць стравы грузінскай кухні, якія шчодра і з любоўю былі прыгатаваны Нанай Чубінашвілі і яе мамай.

Church.by