У Мінску прайшло закрыццё чарговага сезона Вечароў невідушчых паэтаў
17 снежня 2018Ужо стала добрай творчай традыцыяй для горада Мінска правядзенне Вечароў невідушчых паэтаў імя свяшчэннамучаніка Уладзіміра Хіраскі. Кожны год у сталіцы праходзіць новы сезон паэтычных вечароў у памяць свяшчэннамучаніка.
Сёлета творчыя паэтычныя вечары прайшлі ў кнігарнях, бібліятэках і музеях горада.
Праект «Вечары невідушчых паэтаў імя свяшчэннамучаніка Уладзіміра Хіраскі» арганізаваны прыходам храма свяшчэннамучаніка Уладзіміра Хіраскі ў горадзе Мінску пры падтрымцы грамадскіх арганізацый і Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь. Ён накіраваны на тое, каб садзейнічаць інтэграцыі невідушчых людзей у грамадства, дапамагчы невідушчым аўтарам данесці свой талент да чытача.
Закрыццё сезону творчых вечароў прайшло 14 снежня 2018 года ў краме «Кніжная нара». Гэтая назва аб'ядноўвае магазін і бібліятэку, гаспадары якіх прытрымліваюцца прынцыпа: «Мы ставім на нашыя паліцы толькі тое, што прачыталі б самі».
Ганаровай госцяй вечара стала паэтэса Святлана Быкава. Святлана Анатольеўна - член Саюза пісьменнікаў Беларусі, лаўрэат Рэспубліканскага літаратурнага конкурсу «Лепшы твор 2013 года» і літаратурнай прэміі Мінскага аблвыканкама ў намінацыі «Паэзія», узнагароджана нагрудным знакам Саюза пісьменнікаў Беларусі «За вялікі ўклад у літаратуру».
Таксама падтрымаць творчасць паэтаў на вечар прыехаў інклюзіўны акадэмічны дзіцячы хор «Радасць душы» пад кіраваннем Алены Маславай.
— Кожны сезон вечароў не падобны адзін на другі. Год ад года вечары збіраюць усё большую колькасць людзей, не абыякавых да паэтычнай творчасці. Кожны год адкрывае новыя яркія імёны для шырокага кола чытачоў. Сезон зачынены, але ўсе з нецярпеннем чакаюць новага сезону. На 2019 год ужо запланавана нямала цікавых падзей і творчых сустрэч — адзначыў настаяцель прыхода храма свяшчэннамучаніка Уладзіміра Хіраскі ў горадзе Мінску іерэй Дзімітрый Ворса.