У Мінску развіталіся з заснавальнікам часопіса «Врата небесные» Андрэем Васільевым
21 верасня 2020Адышоў да Госпада заснавальнік духоўна-асветніцкага часопіса «Врата небесные», член Саюза пісьменнікаў Беларусі і Расіі (Санкт-Пецярбургскае аддзяленне), сцэнарыст Андрэй Васільеў.
Адпяванне адбылося ў мінскім храме святой Сафіі Слуцкай 21 верасня. Развітацца з Андрэем Васільевым прыйшлі яго блізкія, сябры і калегі. У апошні шлях пісьменніка праводзілі пад звон званоў, у набыцці якіх ён таксама прыняў удзел.
Андрэй Леанідавіч Васільеў скончыў Ваенна-медыцынскую акадэмію ў Ленінградзе і клінічную ардынатуру па хірургіі ў Мінску. Працаваў хірургам. Абараніў кандыдацкую дысертацыю ў галіне выкарыстання лазерных тэхналогій у медыцыне. Выкладаў у Беларускай медыцынскай акадэміі паслядыпломнай адукацыі. Яго кніга «Адзінаццаць дзён з жыцця анкалагічнага хворага» у 2018 годзе атрымала грыф «Дапушчана да распаўсюдджвання Выдавецкай радай Рускай Праваслаўнай Царквы».
Андрэй Васільеў выступаў сцэнарыстам паўнаметражнага мастацкага фільма «Лекарство для Веры», гэта дэбютны праект кінакампаніі «Врата». Ён жа з'яўляўся і генеральным прадзюсарам карціны. Апошнім часам кінакампанія працавала над новым праектам.