У Мінску адбыўся круглы стол «Дапамога Царквы людзям у цяжкай жыццёвай сітуацыі»
07 кастрычніка 20176 кастрычніка 2017 года ў Мінску адбыўся круглы стол на тэму «Дапамога Царквы людзям у цяжкай жыццёвай сітуацыі», арганізаваны Сінадальным аддзелам па царкоўнай дабрачыннасці і сацыяльнаму служэнню Беларускай Праваслаўнай Царквы.
Сваім вопытам з беларускімі калегамі падзяліліся прадстаўнікі Сінадальнага аддзела па царкоўнай дабрачыннасці і сацыяльнаму служэнню (САЦДСС) Рускай Праваслаўнай Царквы:
Ірына Мяшкова, кіраўнік напрамку дапамогі бяздомным САЦДСС РПЦ, кіраўнік дабрачынных праграм дапамогі людзям у крызіснай сітуацыі праваслаўнай службы дапамогі «Міласэрнасць», і Раман Скорасаў, кіраўнік праектаў дапамогі бяздомным праваслаўнай службы дапамогі «Міласэрнасць».
Круглы стол пачаўся з наведвання падвор'я Елісавецінскага жаночага манастыра горада Мінска. Размешчана падвор'е ў вёсцы Лысая Гара. Тут знаходзяць прытулак людзі, якія апынуліся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі: тыя, што страцілі жыллё, вызваліліся з месцаў пазбаўлення волі, што пакутавалі ад п'янства або наркаманіі, інваліды. Пад апекай сясцёр на падвор'і жывуць каля 170 братоў. Манастыр забяспечвае іх усім неабходным — адзеннем, харчаваннем, прадметамі асабістай гігіены, лекамі. Насельнікі працуюць на фермах (разводзяць буйную рагатую жывёлу, свіней, авечак, коз, курэй, гусей, перапёлак), на палях (вырошчваюць карняплоды, кукурузу, аднагадовыя і шматгадовыя травы), у садзе (даглядаюць за яблынямі, грушамі, малінай, парэчкай), у цяпліцах, на пчальніку, у гадавальніку (разводзяць сярэднеазіяцкіх аўчарак) і на будаўніцтве.
Падвор'е выклікала жывую цікавасць у масквічоў. У бліжэйшыя гады плануецца ўкараненне падобнага рэабілітацыйнага вопыту ў Расіі.
Затым удзельнікі круглага стала сустрэліся са студэнтамі 1-га курса магістратуры Мінскай духоўнай акадэміі. Ірына Мяшкова распавяла магістрантам аб вопыце арганізацыі сацыяльнага служэння на прыходзе. Раман Скорасаў патлумачыў на прыкладзе праектаў «Ангар выратавання» і «Аўтобус міласэрнасці», як Царква дапамагае вырашаць сацыяльныя праблемы, звяртаючы на іх увагу дзяржаўных структур. Так, праз некалькі гадоў пасля запуску ў Маскве праекта «Аўтобус міласэрнасці» дзяржаўныя сацыяльныя службы арганізавалі сацыяльны патруль у складзе больш за 30 машын, дзе атрымала дапамогу мноства бяздомных.