У Мінску адбыўся зімовы злёт праваслаўнай моладзі Беларусі
24 лютага 2020З 21 па 23 лютага 2020 года па благаславенню мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага Паўла, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі, у горадзе Мінску праходзіў злёт праваслаўнай моладзі Беларусі.
Арганізатарам злёту выступіў Сінадальны аддзел па справах моладзі Беларускай Праваслаўнай Царквы пры падтрымцы моладзевых брацтваў Мінскай епархіі.
У злёце прынялі ўдзел каля 200 чалавек з брацтваў і моладзевых калектываў усіх епархій Беларускай Праваслаўнай Царквы.
Цэнтральнай падзеяй мерапрыемства стала Бажэственная літургія святога апостала Іакава з народным спяваннем, на якой 178 чалавек прычасціліся Святых Хрыстовых Тайн.
У дзень адкрыцця злёту адбыўся малебен на пачатак добрай справы, па завяршэнні якога старшыня Сінадальнага аддзела па справах моладзі іерэй Мікалай Шульмін звярнуўся да ўдзельнікаў з прывітальным словам, падкрэсліўшы ўнікальнасць дадзенага злёту, які ўпершыню праводзіцца сіламі не аднаго брацтва або прыхода, а пры ўдзеле ўсіх брацтваў Мінскай епархіі, што спрыяе большаму супрацоўніцтву і згуртаванасці паміж брацтвамі і моладзевымі калектывамі. Айцец Мікалай пажадаў усім удзельнікам моладзевага злёту Божай дапамогі і плённых зносін.
На працягу ўсяго злёту перад маладымі людзьмі выступалі лектары з розных гарадоў з такімі тэмамі, як: «Свабода і адказнасць», «Хрысціянская сям'я», «Царква і сучаснасць», «Стаўленне да святасці ў розных хрысціянскіх дэнамінацыях», «Аб духоўным узрастанні», «Хрыстос — цэнтр хрысціянскага жыцця».
Галоўным госцем злёту стаў вядомы місіянер, сектовед і багаслоў протаіерэй Алег Сцяняеў (Масква) з тэмай «А чаму Праваслаўе?»
У рамках злёту адбылася сустрэча кіраўнікоў моладзевых аддзелаў са старшынёй Сінадальнага аддзела, падчас якой прадстаўнікі розных епархій маглі падзяліцца досведам моладзевай працы.
Для маладых удзельнікаў быў арганізаваны канцэрт і экскурсія па вячэрняй сталіцы Беларусі.
Па словах святара Мікалая Шульміна «Злёт праваслаўнай моладзі — гэта місіянерскі праект Сінадальнага аддзела па справах моладзі БПЦ, які дае магчымасць маладым людзям з розных куткоў Беларусі не толькі правесці час з карысцю ў справе духоўнага ўзрастання, але і адчуць сябе часткай вялікай і дружнай хрысціянскай каманды».
З падрабязным фотарэпартажам са злёту можна азнаёміцца на сайце pmb.by.