У Мінску стартаваў праект «Вечары невідушчых паэтаў»
03 лютага 2017Творчы вечар паэтэсы і спявачкі Вольгі Патрый адбыўся 1 лютага 2017 года ў сталічнай краме «Кніжная нара».
Сустрэчай адкрыўся праект «Вечары невідушчых паэтаў», арганізаваны прыходам свяшчэннамучаніка Уладзіміра Хіраска ў горадзе Мінску.
Як патлумачыў настаяцель прыходу іерэй Дзімітрый Ворса, усяго запланавана 8 вечароў. Чакаецца, што яны пройдуць на розных пляцоўках Мінска. Усе паэты, якія прымаюць удзел у праекце, — невідушчыя з нараджэння. «Гэта людзі, якія ніколі нічога не бачылі», — адзначыў айцец Дзімітрый.
Праект накіраваны на тое, каб садзейнічаць інтэграцыі невідушчых людзей у грамадства, дапамагчы невідушчым аўтарам данесці свой талент да чытача.
Вольга Патрый — імя, добра знаёмае многім мінчанам. У паэткі і спявачкі ўжо склалася свая ўдзячная аўдыторыя. Вясной мінулага года аўтарскія песні Вольгі прагучалі на «Харавых вечарах ў гонар свяшчэннамучаніка Уладзіміра Хіраска», арганізаваных пры падтрымцы Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, і былі вельмі цёпла прыняты гледачамі.
У творчасці Вольгі Патрый знайшлося месца духоўнай, пейзажнай, любоўнай, філасофскай лірыцы, вершам-казкам і вершам-прытчам. Адчуць ўсю гэтую разнастайнасць змаглі госці «Кніжнай нары» вечарам 1 лютага.
Сустрэча прайшла ў нефармальнай атмасферы. Гледачы сядзелі на падлозе, некаторым дасталіся ўтульныя крэслы-грушы.
У перапынках госці знаёміліся з асартыментам «Кніжнай нары». Гэта назва аб'ядноўвае магазін і бібліятэку, гаспадары якіх кіруюцца прынцыпам: «Мы ставім на нашыя паліцы толькі тое, што прачыталі б самі». Цяпер на паліцах у «Нары» можна знайсці навукова-папулярную, мастацкую, псіхалагічную літаратуру, вялікую падборку кніг для дзяцей. Больш падрабязную інфармацыю аб гэтым новым інтэлектуальным пункце Мінска — на сайце bookhole.by.
Наступная сустрэча ў рамках праекта «Вечары невідушчых паэтаў» пройдзе 10 лютага.