У Мінскай духоўнай акадэміі адбылася абарона кандыдацкай дысертацыі ігумена Ермагена (Панасюка)

29 лютага 2020

top.jpg

27 лютага 2020 года ў актавай зале Мінскай духоўнай акадэміі адбылося пасяджэнне кандыдацкага дысертацыйнага савета, якое ўзначаліў рэктар Акадэміі архімандрыт Сергій (Акімаў). Састаў Савета быў зацверджаны рашэннем Свяцейшага Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Кірыла 28 студзеня 2018 года.

На пасяджэнні савета адбылася абарона кандыдацкай дысертацыі ігумена Ермагена (Панасюка) на тэму «Дыялектыка міфа А. Ф. Лосева як метадалогія філасофіі рэлігіі і апалагетыкі».

Апаніруючай арганізацыяй стала прыватная адукацыйная ўстанова вышэйшай адукацыі «Праваслаўны Свята-Ціханаўскі гуманітарны ўніверсітэт».

Афіцыйнымі апанентамі выступілі: прафесар Чэслаў Станіслававіч Кірвель, загадчык кафедры філасофіі УА «Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы», доктар філасофскіх навук, і дацэнт Рыма Генадзьеўна Пашко, загадчыца кафедры агульнанавуковых дысцыплін УА «Інстытут прадпрымальніцкай дзейнасці» (Мінск), кандыдат філасофскіх навук.

Па выніках абмеркавання і тайнага галасавання было прынята аднагалоснае рашэнне аб хадайніцтве перад Свяцейшым Патрыярхам Кірылам аб прысуджэнні ігумену Ермагену вучонай ступені кандыдата багаслоўя. 

МінДА / Church.by