У Мінскай духоўнай акадэміі прайшоў цыкл лекцый псіхолага Наталлі Скуратоўскай
01 сакавіка 201927-28 лютага 2019 года ў Мінскай духоўнай акадэміі адбыўся цыкл лекцый па псіхалогіі. Лекцыі правяла Наталля Скуратоўская — псіхолаг, псіхатэрапеўт, выкладчык курсу практычнай пастырскай псіхалогіі, вядучая трэнінгаў для святароў і царкоўных работнікаў.
Першая лекцыя «Псіхалогія сямейных адносін: праз крызісы да гармоніі» пачалася з азнаямлення слухачоў з паняццямі сям'і, яе складу і шматграннай структуры сямейнай сістэмы (сямейных міфаў, іерархіі, роляў, правіл і г.д.).
Далей гаворка ішла пра змены мадэлі сямейных адносін у залежнасці ад гістарычнага кантэксту, пачынаючы з XIX стагоддзя і заканчваючы XXI стагоддзем. На лекцыі былі вызначаны характэрныя асаблівасці здаровай і дысфункцыянальнай сям'і, а таксама асаблівасці выхавання ў іх дзяцей.
Увечары 27 лютага адбылася адкрытая лекцыя для студэнтаў і гасцей акадэміі на тэму «Псіхалагічныя праблемы на шляху ўцаркаўлення». На сустрэчы былі разгледжаны асноўныя псіхалагічныя небяспекі, якія падпільноўваюць нас на шляху ўцаркаўлення і пастырскага служэння. Лектар падзялілася вопытам распазнання і пераадолення гэтых небяспек.
28 лютага была праведзена лекцыя «Псіхапаталогіі рэлігійнага жыцця», у ходзе якой асаблівая ўвага была ўдзелена праблеме неўрозаў, іх тыпалогіі і асаблівасцям у рэлігійным асяроддзі.
Лекцыі выклікалі жывую цікавасць у студэнтаў і выкладчыкаў акадэміі.