У Мінскай духоўнай семінарыі пройдзе прэзентацыя зборніка публікацый вядомага беларускага дзеяча Вячаслава Багдановіча (1878 — 1939?)

26 лістапада 2019

3.jpg

29 лістапада 2019 года ў Мінскай духоўнай семінарыі па благаславенню архіепіскапа Навагрудскага і Слонімскага Гурыя адбудзецца прэзентацыя кнігі «Вячаслаў Багдановіч. Царква і дзяржава: выбраныя артыкулы і прамовы» (Мінск, 2019).

Кніга ўключае выбраныя публікацыі розных гадоў вядомага беларускага праваслаўнага дзеяча, члена Памеснага Сабора Рускай Праваслаўнай Царквы 1917-1918 гадоў і сенатара парламента Польскай Рэспублікі двух скліканняў В. В. Багдановіча (1878 — 1939?). У зборнік увайшлі артыкулы, прысвечаныя стану Праваслаўнай Царквы ў міжваеннай Польшчы, тэксты выступленняў у Сенаце, публікацыі гістарычнага, палітычнага і літаратуразнаўчага характару, а таксама ўспаміны аўтара.

У гісторыю Беларускай Праваслаўнай Царквы сенатар В. В. Багдановіч увайшоў як актыўны прыхільнік захавання кананічнага адзінства Рускай Праваслаўнай Царквы, выразнік інтарэсаў праваслаўнага беларускага насельніцтва Другой Рэчы Паспалітай у польскім Сенаце, праціўнік рэформы царкоўнага календара і паланізацыі царкоўнага жыцця.

Падчас правядзення прэзентацыі плануецца выступленне складальніка зборніка, перакладчыка з польскай, аўтара прадмовы і каментарыяў дацэнта кафедры гісторыі Беларусі, археалогіі і спецыяльных гістарычных дысцыплін Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта А. С. Горнага, кандыдата гістарычных навук.

Месца правядзення: аг. Жыровічы, вул. Саборная, 55. Мінская духоўная семінарыя, актавая зала (3 паверх).

Пачатак мерапрыемства: а 17:00. Уваход вольны.

МінДС / Church.by