У Мінскай духоўнай семінарыі пройдзе вечар памяці архіепіскапа Міхея (Хархарава)
03 сакавіка 20215 сакавіка 2021 года ў Мінскай духоўнай семінарыі адбудзецца вечар памяці архіепіскапа Яраслаўскага і Растоўскага Міхея (Хархарава) (1921-2005), прымеркаваны да 100-годдзя з дня нараджэння іерарха.
На працягу 1960-1969 гадоў будучы архіпастыр здзяйсняў служэнне ў кліры Мінска-Беларускай епархіі, з'яўляючыся спачатку настаяцелем Свята-Духава кафедральнага сабора горада Мінска, а затым намеснікам Жыровіцкага Успенскага манастыра. У 1964 годзе архімандрыт Міхей арганізаваў перасяленне манахінь з закрытых уладамі Гродзенскага Нараджэння Багародзіцы і Полацкага Спаса-Еўфрасіннеўскага манастыроў у будынак Мінскай духоўнай семінарыі ў Жыровічах, якая спыніла сваю дзейнасць годам раней. Аказваў добразычлівае стаўленне да сасланага ў Жыровіцкі манастыр архіепіскапа Гермогена (Голубева), за што зведаў ціск з боку свецкай улады.
У вечары памяці возьмуць удзел архіепіскап Навагрудскі і Слонімскі Гурый, настаяцелька Гродзенскага жаночага манастыра Нараджэння Багародзіцы ігумення Гаўрыіла, выкладчыкі і студэнты Мінскай духоўнай семінарыі, клірыкі Навагрудскай епархіі.
Пачатак мерапрыемства: 16:00 гадзін.
Месца правядзення: актавая зала Мінскай духоўнай семінарыі.
Архіепіскап Міхей (свецкае імя Аляксандр Аляксандравіч Хархараў) нарадзіўся 6 сакавіка 1921 года ў Петраградзе. Духоўна ўзрастаў пад кіраўніцтвам будучага мітрапаліта Гурыя (Ягорава). У 1940 годзе паступіў у Ташкенцкі медыцынскі інстытут. Падчас навучання таемна наведваў нелегальныя набажэнствы, якія здзяйсняліся ў пасёлку Беш-Бала. Увесну 1942 года быў мабілізаваны ў Чырвоную Армію і праз некалькі месяцаў накіраваны на фронт. Служыў у войсках сувязі. Вайну скончыў у Берліне. У 1946 годзе паступіў паслушнікам у Свята-Троіцкую Сергіеву Лаўру, але праз некалькі месяцаў пераехаў у Ташкент. У 1947 годзе епіскапам Ташкенцкім і Сярэдне-Азіяцкім Гурыем (Ягоравым) пастрыжаны ў манаства і рукапаложаны ў іерадыякана. У іераманаха хіратанісаны ў 1949 годзе. У 1951-1953 гады — ключнік кафедральнага сабора горада Ташкента і скарбнік Ташкенцкага епархіяльнага ўпраўлення. У 1953-1956 гады быў клірык Саратаўскай епархіі, а ў 1956-1960 гады — клірык Днепрапятроўскай епархіі. У 1960-1961 гады настаяцель Свята-Духава кафедральнага сабора горада Мінска. У 1963-1969 гады намеснік Жыровіцкага Успенскага мужчынскага манастыра. У 1963 годзе ўзведзены ў сан архімандрыта. З 1969 года клірык Яраслаўскай епархіі. У 1993 годзе рукапаложаны ў епіскапа Яраслаўскага і Растоўскага. У 1995 годзе ўзведзены ў сан архіепіскапа. У 2002 годзе па прычыне хваробы вызвалены ад кіравання епархіяй. Памёр 22 кастрычніка 2005 года.
Фота: Свята-Троіцкая Сергіева лаўра