У Мінскай духоўнай семінарыі прайшоў вечар памяці архіепіскапа Міхея (Хархарава)
06 сакавіка 20215 сакавіка 2021 года ў актавай зале Мінскай духоўнай семінарыі прайшоў вечар памяці архіепіскапа Яраслаўскага і Растоўскага Міхея (Хархарава) (1921-2005), прымеркаваны да 100-годдзя з дня нараджэння архіпастыра.
Мерапрыемства адкрылася малітвай і прывітальным словам архіепіскапа Навагрудскага і Слонімскага Гурыя, намесніка Жыровіцкага Успенскага манастыра. Затым вядучы вечара — прарэктар па навуковай рабоце Мінскіх духоўных вкадэміі і семінарыі дацэнт Аляксандр Слесараў прапанаваў прысутным праглядзець першую частку дакументальнага фільма «Добрае жаданне даўжынёю ў жыццё», падрыхтаванага да юбілею архіепіскапа Міхея па благаславенню мітрапаліта Валгаградскага і Камышынскага Фёдара.
Вечар працягнуўся дакладамі дацэнта Аляксандра Слесарава «Становішча Рускай Праваслаўнай Царквы ў перыяд служэння архімандрыта Міхея (Хархарава) у Мінска-Беларускай епархіі (1961-1969)» і протадыякана Паўла Бубнова «Жыровіцкі Успенскі манастыр у 1950-1960-я гады». Далей прысутным была прадстаўлена другая палова фільма пра ўладыку Міхея.
Пасля завяршэння прагляду ігумення Гродзенскага стаўрапігіяльнага жаночага манастыра Нараджэння Багародзіцы ігумення Гаўрыіла падзялілася з прысутнымі асабістымі ўспамінамі аб зносінах з архіепіскапам Міхеем. Апавяданне ігуменні дапоўніла Ніна Монцік, шматгадовая працаўніца Свята-Духава кафедральнага сабора горада Мінска, дзе айцец Міхей здзяйсняў служэнне ў 1960-1963 гг.
Вечар завяршыўся памінальнай ліціёй і павучальным словам архіепіскапа Гурыя.
Архіепіскап Міхей (свецкае імя Аляксандр Аляксандравіч Хархараў) нарадзіўся 6 сакавіка 1921 года ў Петраградзе. Духоўна ўзрастаў пад кіраўніцтвам будучага мітрапаліта Гурыя (Ягорава). У 1940 годзе паступіў у Ташкенцкі медыцынскі інстытут. Падчас навучання таемна наведваў нелегальныя набажэнствы, якія здзяйсняліся ў пасёлку Беш-Бала. Увесну 1942 года быў мабілізаваны ў Чырвоную Армію і праз некалькі месяцаў накіраваны на фронт. Служыў у войсках сувязі. Вайну скончыў у Берліне. У 1946 годзе паступіў паслушнікам у Свята-Троіцкую Сергіеву лаўру, але праз некалькі месяцаў пераехаў у Ташкент. У 1947 годзе епіскапам Ташкенцкім і Сярэдне-Азіяцкім Гурыем (Ягоравым) пастрыжаны ў манаства і рукапаложаны ў іерадыякана. У іераманаха хіратанісаны ў 1949 годзе. У 1951-1953 гады — ключнік кафедральнага сабора горада Ташкента і казначэй Ташкенцкага епархіяльнага ўпраўлення. У 1953-1956 гады быў клірыкам Саратаўскай епархіі, а ў 1956-1960 гады — клірыкам Днепрапятроўскай епархіі. У 1960-1961 гады — настаяцель Свята-Духава кафедральнага сабора горада Мінска. У 1963-1969 гады — намеснік Жыровіцкага Успенскага мужчынскага манастыра. У 1963 годзе ўзведзены ў сан архімандрыта. З 1969 года клірык Яраслаўскай епархіі. У 1993 годзе рукапаложаны ў епіскапа Яраслаўскага і Растоўскага. У 1995 годзе ўзведзены ў сан архіепіскапа. У 2002 годзе па прычыне хваробы вызвалены ад кіравання епархіяй. Памёр 22 кастрычніка 2005 года.