У выдавецтве Мінскага Свята-Петра-Паўлаўскага прыхода выйшла кніга, прысвечаная протаіерэю Сергію Гардуну (1959-2022)
01 мая 2026У выдавецтве Мінскага Свята-Петра-Паўлаўскага прыхода выйшла кніга «Протаіерэй Сергій Гардун. Служэнне Богу і Беларусі» (Мінск, 2026).
Выданне выйшла ў серыі «48 праваслаўных дзеячаў Беларусі» і прысвечана памяці выдатнага святара Мінскай епархіі, першага прарэктара Інстытута тэалогіі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, прафесара Мінскай духоўнай акадэміі, багаслова, галоўнага рэдактара богаслужэбнай камісіі, лаўрэата прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «За духоўнае адраджэнне» (2019 г.) — протаіерэя Сергія Гардуна (1959-2022).
Публікацыя носіць агіяграфічны і біяграфічны характар, напісаная ў навукова-папулярным стылі з элементамі гістарычнага аналізу. Аўтар Анатоль Астапенка ў сваёй працы распавёў не толькі пра ключавыя падзеі з жыцця святара, але і паказаў яго ўклад у духоўнае і культурнае адраджэнне Беларусі.
Структура кнігі вытрымана ў храналагічным парадку. Аўтар пачынае апавяданне з расказу пра дзяцінства і юнацтва будучага свяшчэнніка, надаючы асаблівую ўвагу фарміраванню яго светапогляду ва ўмовах савецкага атэізму. Гэты раздзел заснаваны на асабістых успамінах самога айца Сергія, што робіць яго ўнікальнай наратыўнай гістарычнай крыніцай. Найбольш інфарматыўнымі з'яўляюцца раздзелы, прысвечаныя яго вучобе ў Мінскім дзяржаўным педагагічным інстытуце замежных моў, Маскоўскай духоўнай акадэміі і семінарыі, а таксама асноўных напрамках служэння: перакладчыцкай дзейнасці, выкладчыцкай працы ў Мінскіх духоўных школах і Інстытуце тэалогіі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.
У разьдзеле «Звярнуцца да нябёсаў па-беларуску» аўтар кнігі надае асаблівую ўвагу мове богаслужэння ў Беларусі, што робіць кнігу цікавай не толькі для гісторыкаў Царквы, але і для філолагаў і культуролагаў.
У кнізе апублікаваны фатаграфіі з сямейнага архіва протаіерэя Сергія Гардуна і брацтва ў гонар Віленскіх мучанікаў. Наклад кнігі склаў 150 асобнікаў.
Чытайце нас у мэсэнджэрах Telegram і Viber,

