У Мінскай духоўнай семінарыі прайшоў XVI Семінар студэнтаў ВНУ Беларусі

27 лістапада 2017

top.jpg

24-25 лістапада 2017 года ў Мінскай духоўнай семінарыі праходзіў XVI Семінар студэнтаў вышэйшых навучальных устаноў Беларусі «Рэлігія і навука ў XXI стагоддзі: перспектывы дыялогу», арыентаваны на асэнсаванне месца рэлігіі ў сучаснай навуковай карціне свету.

Выбар тэматыкі семінара абумоўлены тым, што ўказам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі 2017 год абвешчаны Годам навукі. Мэтай правядзення форуму бачылася ўсебаковае абмеркаванне шырокага спектру пытанняў, якія адлюстроўваюць праблематыку суадносін рэлігійнага вопыту і хрысціянскай традыцыі з сучаснымі навуковымі ведамі, пашырэнне навукова-інфармацыйнага абмену паміж студэнтамі свецкіх і духоўных навучальных устаноў, устанаўленне асабістых і навуковых кантактаў паміж студэнтамі беларускіх ВНУ.

24 лістапада 2017 года, перад пачаткам працы семінара, у Трохсвяціцельскім храме Мінскай духоўнай семінарыі быў здзейснены малебен, які ўзначаліў рэктар архіепіскап Навагрудскі і Слонімскі Гурый у саслужэнні святароў з ліку выкладчыкаў духоўнай навучальнай установы.

Пасля заканчэння малебна ўдзельнікі семінара падняліся ў актавую залу, дзе пачалося пленарнае пасяджэнне. Адкрываючы работу форума, рэктар Мінскай духоўнай семінарыі архіепіскап Гурый выступіў з прывітальным словам, у якім падкрэсліў значэнне маральнага складніка ў развіцці чалавечай цывілізацыі. Па словах уладыкі, імклівае развіццё сучаснай навукі можа ствараць патэнцыяльныя пагрозы для чалавецтва ў тым выпадку, калі выкарыстанне ведаў аб механізмах і заканамернасцях існавання сусвету звернута на амаральныя мэты.

Далей з прывітальным словам да ўдзельнікаў семінара звярнулася выкладчык Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі. Э. Я. Герасімовіч. Ад імя Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта перад прысутнымі выступіла дацэнт Р. Н. Дождзікава. Прывітанне рэктара Ваеннай акадэміі Рэспублікі Беларусь агучыў прафесар кафедры ідэалагічнай работы названай навучальнай установы палкоўнік І. В. Саблін. Ад Камандна-інжынернага інстытута МНС Рэспублікі Беларусь удзельнікаў форуму вітаў выкладчык кафедры гуманітарных навук Ю. В. Каркін.

Затым пачалася праца пленарнага пасяджэння, падчас якога прарэктар па навуковай рабоце Мінскіх духоўных акадэміі і семінарыі дацэнт А. В. Слесараў выступіў з дакладам на тэму «Памятныя даты і юбілейныя  ўспаміны Беларускай Праваслаўнай Царквы ў 2017 годзе». Прафесар Міжнароднага ўніверсітэта «МІПСА» С. Л. Айзенштадт прадставіў даклад «Рэлігійныя матывы беларускай філасофіі X-XVIII стагоддзяў». Дацэнт Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта Р. Н. Дождзікава агучыла паведамленне на тэму «Афанасій Філіповіч — змагар за праваслаўную веру і паэт зямлі беларускай». Дацэнт Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта ім. Максіма Танка К. В. Ефімовіч выступіла з дакладам «Праваслаўе ў ХХ стагоддзі: выклікі гісторыі». Выкладчык Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка Л. Л. Дзямбіцкая агучыла даклад на тэму «Моладзь і рэлігія ў Рэспубліцы Беларусь».

Акрамя выступлення з дакладам, дацэнт БДПУ К. В. Ефімовіч перадала ў дар музею Мінскай духоўнай семінарыі пасведчанне аб атэстацыі свайго дзядулі на званне псаломшчыка, выдадзенае Пінскай духоўнай кансісторыяй у 1923 годзе.

Перад пачаткам абедзеннага перапынку ўдзельнікі семінара зрабілі агульнае фота ў Трохсвяціцельскім храме Мінскай духоўнай семінарыі і пакланіліся каўчэгу з часціцамі мошчаў 54-х святых падзвіжнікаў, новамучанікаў і вызнаўцаў Рускай Праваслаўнай Царквы, які часова знаходзіцца ва Успенскім саборы Жыровіцкага манастыра. Каўчэг быў створаны паводле благаславення Свяцейшага Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Кірыла і рашэння Свяшчэннага Сінода да 100-годдзя пачатку эпохі ганенняў на Рускую Праваслаўную Царкву. У каўчэгу сабраныя часціцы здабытых да цяперашняга моманту мошчаў святых новамучанікаў і вызнаўцаў — іерархаў, свяшчэннікаў і міран, якія пацярпелі за Хрыста ў гады ганенняў. Сярод іх — часціцы мошчаў свяціцеля Ціхана Маскоўскага, свяціцеля Лукі Крымскага, прападобнамучаніцы вялікай княгіні Лізаветы і многіх іншых падзвіжнікаў.

У гэтым годзе ў міжвузаўскім семінары прымала ўдзел больш за 170 чалавек, якія прадстаўлялі 42 вышэйшыя навучальныя ўстановы Рэспублікі Беларусь і 1 вышэйшую ўстанову Расійскай Федэрацыі: Віцебская ордэна «Знак Пашаны» дзяржаўная акадэмія ветэрынарнай медыцыны, Акадэмія кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, Баранавіцкі дзяржаўны ўніверсітэт, Беларуская дзяржаўная акадэмія музыкі, Беларуская дзяржаўная акадэмія сувязі, Беларускі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт, Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі, Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтва, Беларуская дзяржаўная ордэнаў Кастрычніцкай Рэвалюцыі і Працоўнага Чырвонага Сцяга сельскагаспадарчая акадэмія, Беларускі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт, Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка, Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт, Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў, Беларускі дзяржаўны эканамічны ўніверсітэт, Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт, Беларуска-Расійскі ўніверсітэт, Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт імя А. С. Пушкіна, Віцебская духоўная семінарыя Беларускай Праваслаўнай Царквы, Ваенная акадэмія Рэспублікі Беларусь, Гомельскі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт, Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Францыска Скарыны, Гомельскі філіял Універсітэта грамадзянскай абароны МНС Беларусі, Гомельскі філіял Установы адукацыі Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі «Міжнародны ўніверсітэт «МІПСА», Інстытут тэалогіі імя святых Мяфодзія і Кірыла Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, Гродзенскі дзяржаўны аграрны ўніверсітэт, Гродзенскі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт, Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы, Інстытут парламентарызму і прадпрымальніцтва, Інстытут прадпрымальніцкай дзейнасці, Інстытут псіхалогіі Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка, Міжнародны гуманітарна-эканамічны інстытут, Міжнародны дзяржаўны экалагічны інстытут імя А. Д. Сахарава Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, Міжнародны ўніверсітэт МІПСА, Мінская духоўная акадэмія, Мінская духоўная семінарыя, Мінскі інавацыйны ўніверсітэт, Мазырскі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя І. П. Шамякіна, Палескі дзяржаўны ўніверсітэт, Рэспубліканскі інстытут вышэйшай школы, Універсітэт грамадзянскай абароны МНС Рэспублікі Беларусь, Федэральная дзяржаўная бюджэтная адукацыйная ўстанова вышэйшай адукацыі «Курскі дзяржаўны ўніверсітэт».

У працы форуму таксама прынялі ўдзел прадстаўнікі Сінадальнага аддзела па царкоўнай дабрачыннасці і сацыяльнаму служэнню Беларускай Праваслаўнай Царквы, Лінгвагуманітарнага каледжа Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта, Слонімскага дзяржаўнага медыцынскага каледжа, храма іконы Божай Маці «Усецарыца» горада Мінска, Ленінскага вучэбна-педагагічнага комплексу «Яслі-сад — сярэдняя школа», сярэдняй школы № 19 горада Баранавічы.

Праграма семінара прадугледжвала выступленні 111 дакладчыкаў, якія выступілі ў рамках пленарнага пасяджэння і дзесяці секцый («Рэлігія і навука», «Праваслаўная рэлігійная традыцыя ў гісторыі Беларусі і Расіі», «Праваслаўе і інаслаўныя вызнанні», «Рэлігія і філасофія», «Рэлігія і педагогіка», «Рэлігія і псіхалогія», «Рэлігія і літаратура», «Уплыў рэлігіі на культуру і мастацтва», «Рэлігія ў жыцці грамадства і дзяржавы», «Асновы рэлігійнага жыцця»). Для ўдзельнікаў семінара, якія па розных прычынах не прыехалі ў Жыровічы, была арганізавана секцыя завочнага ўдзелу, якая ўключала 29 удзельнікаў.

Пасля завяршэння працоўнай часткі першага дня семінара для ўдзельнікаў форуму былі арганізаваны экскурсіі па царкоўна-археалагічнаму музею Мінскай духоўнай семінарыі і вучэбнаму корпусу семінарыі. Увечары гэтага ж дня адбыўся канцэрт моладзевага калектыву брацтва святых бяссрэбранікаў Касмы і Даміяна Мінскага Свята-Духава кафедральнага сабора пад кіраўніцтвам Яны Ляўковіч.

У другі дзень працы семінара ўдзельнікам былі прапанаваны экскурсіі па Жыровіцкаму манастыру, пасля завяршэння якіх аднавілася праца тэматычных секцый.

Заключнай часткай семінара стала падвядзенне вынікаў, якое прайшло ў актавай зале, падчас якога мадэратары распавялі пра найбольш цікавыя даклады і дыскусіі сваіх секцый. Затым перад прысутнымі выступіў прарэктар па навуковай рабоце Мінскіх духоўных акадэміі і семінарыі дацэнт А. В. Слесараў, у сваім слове выказаўшы надзею на развіццё дыялогу навукі і рэлігіі, у тым ліку і дзякуючы правядзенню падобных форумаў.

У завяршэнне выніковай часткі семінара А. В. Слесараў уручыў дыпломы ўдзельнікам форуму, пасля чаго адбыўся канцэрт моладзевага хору Мінскага Свята-Духава кафедральнага сабора пад кіраваннем Яны Ляўковіч.

Па выніках працы XVI Семінара студэнтаў вышэйшых навучальных устаноў Беларусі «Рэлігія і навука ў XXI стагоддзі: перспектывы дыялогу» запланавана выданне зборніка дакладаў.

МінДС / Church.by