У Мінскай духоўнай семінарыі адбыліся XIII Чытанні памяці мітрапаліта Іосіфа (Сямашкі)
10 снежня 20207 снежня 2020 года ў Мінскай духоўнай семінарыі адбыліся XIII Чытанні памяці мітрапаліта Літоўскага і Віленскага Іосіфа (Сямашкі; 1798-1868) і ўсіх яго паплечнікаў, папрацаваўшых у справе ўз'яднання беларускіх уніятаў з Маці-Царквой.
Мерапрыемства пачалося з малітоўнага памінання мітрапаліта Іосіфа і ўсіх духоўных асоб, папрацаваўшых у справе ўз'яднання ўніятаў з праваслаўнымі. Памінальную ліцію ў Трохсвяціцельскім семінарскім храме здзейснілі рэктар Мінскай духоўнай семінарыі протаіерэй Віктар Васілевіч, выкладчыкі і студэнты семінарыі ў свяшчэнным сане.
Працягнулася мерапрыемства ў актавай зале семінарыі, дзе сабраліся выкладчыкі і студэнты. Сёлета ў сілу складанай эпідэміялагічнай сітуацыі Чытанні прайшлі ў адаптаваным фармаце. Адзін з дакладаў быў прадстаўлены аўдыторыі па сродках аддаленай відэасувязі.
Рэктар семінарыі протаіерэй Віктар Васілевіч прамовіў прывітальнае слова. Мадэратарам форуму выступіў прарэктар па навуковай рабоце дацэнт Аляксандр Слесараў.
Праграма Чытанняў ўключала выступленне наступных дакладчыкаў:
- Протаіерэй Аляксандр Раманчук, загадчык кафедры царкоўнай гісторыі Мінскай духоўнай семінарыі. Тэма даклада: «Да 400-годдзя аднаўлення праваслаўнай іерархіі ў Рэчы Паспалітай і да 400-годдзя з дня прастаўлення прападобнага Ляонція (Карповіча), архімандрыта Віленскага (1620 год)».
- Протадыякан Георгій Пшанко, сакратар Вучонай рады Мінскай духоўнай семінарыі. Тэма даклада: «Памятныя месцы ў Жыровічах, звязаныя з імем мітрапаліта Іосіфа Сямашка)».
Па заканчэнні Чытанняў удзельнікі зноў узнеслі малітвы аб упакаенні мітрапаліта Іосіфа і яго паплечнікаў.
* * *
Згодна з рашэннем Сінода Беларускай Праваслаўнай Царквы ад 3 верасня 2012 года штогод у храмах Беларускага Экзархату здзяйсняецца памінанне мітрапаліта Літоўскага і Віленскага Іосіфа (Сямашкі), архіепіскапа Полацкага і Віцебскага Васілія (Лужынскага), архіепіскапа Мінскага і Бабруйскага Антонія (Зубко) і іншых іх паплечнікаў, якія папрацавалі ў справе ўз'яднання беларускіх уніятаў з Маці-Царквой.
Традыцыя штогадовага малітоўнага памінання мітрапаліта Літоўскага і Віленскага Іосіфа (Сямашкі) склалася ў Беларускай Праваслаўнай Царкве яшчэ да рашэння Сінода. Так, у Мінскіх духоўных школах яно і раней здзяйснялася ў дзень спачыну ўладыкі Іосіфа — 23 лістапада ст. ст. / 6 снежня н. ст. У гэты дзень у сценах Мінскай духоўнай семінарыі традыцыйна праходзіць вечар памяці гэтага выдатнага царкоўнага іерарха, дзе выкладчыкі і студэнты выступаюць з дакладамі па гісторыі Беларускай Праваслаўнай Царквы, краязнаўстве і іншых тэмах. Гэтыя мерапрыемствы з'яўляюцца знакам глыбокай павагі да памяці мітрапаліта Іосіфа (Сямашкі), стараннямі якога была адкрыта Літоўская духоўная семінарыя ў Жыровічах (пераемніцай якой з'яўляецца Мінская духоўная семінарыя) і вернуты Маці-Царкве Жыровіцкі Свята-Успенскі манастыр.
* * *
Блажэннай памяці мітрапаліт Іосіф (Сямашка) адыграў выдатную ролю ў справе вяртання ў Царкву беларускіх уніятаў, адарваных у 1596 годзе ад Праваслаўя. У справе ліквідацыі Брэсцкай уніі яму дапамагалі іншыя іерархі і святары: Васілій (Лужынскі), епіскап Аршанскі, кіраўнік Полацкай і Беларускай архіепіскапіі; Антоній (Зубко), епіскап Брэсцкі, вікарый Літоўскай епархіі, і іншыя.
Полацкі сабор, які адбыўся 12 лютага ст. ст. / 25 лютага н. ст. 1839 года, у Нядзелю Перамогі Праваслаўя, з'явіўся найважнейшай падзеяй у жыцці Праваслаўнай Царквы ў XIX стагоддзі на тэрыторыі сучасных Беларусі і Літвы. Тады падчас сумеснага служэння мітрапаліта Іосіфа (Сямашкі), архіепіскапа Васілія (Лужынскага), епіскапа Антонія (Зубко) і сходам духавенства быў прыняты «Акт далучэння Уніяцкай Царквы да Праваслаўнай» і складзена пра гэта прашэнне з дадаткам 1305 подпісаў духоўных асоб.
30 сакавіка 1839 года Свяцейшы Сінод выдаў «Сінадальную грамату да ўз'яднаных», дзе пастанавіў прыняць усіх епіскапаў «і наяўнае з імі святарства і духоўныя паствы ў поўную і дасканалую еднасць Святой Праваслаўна-Кафалічнай Усходняй Царквы».
Усяго ў Праваслаўе вярнулася звыш 1600 парафій з больш чым 1 млн 600 тыс. вернікаў. У сувязі з гэтай падзеяй быo адчаканенs спецыяльнs медаль з надпісам «Адарваныя гвалтам (1596) уз'яднаныя любоўю (1839)».
Афіцыйныя ўрачыстасці з нагоды ўз'яднання адбыліся 14 мая 1839 года ў Віцебску, дзе ў кафедральным Успенскім саборы мітрапаліт Кіеўскі Філарэт (Амфітэатраў) здзейсніў Літургію ў саслужэнні праваслаўнага Полацкага епіскапа Ісідара (Мікольскага) і архіепіскапа Васілія (Лужынскага).