У Мінскай духоўнай семінарыі адбыўся XVII Семінар студэнтаў ВНУ Беларусі
25 лістапада 201823-24 лістапада 2018 года ў Мінскай духоўнай семінарыі прайшоў XVII Семінар студэнтаў вышэйшых навучальных устаноў Беларусі «Праваслаўная Царква ў гісторыі і культуры Беларусі» (да 220-годдзя з дня нараджэння і 150-годдзя з дня блажэннага скону мітрапаліта Літоўскага і Віленскага Іосіфа (Сямашкі; 1798-1868)), арыентаваны на асэнсаванне ролі і значэння Праваслаўнай Царквы ў гісторыі станаўлення беларускай дзяржаўнасці і культуры.
Выбар тэматыкі семінара абумоўлены тым, што рашэннем Сінода Беларускай Праваслаўнай Царквы 2018 год абвешчаны Годам мітрапаліта Іосіфа (Сямашкі), працы якога спрыялі духоўнаму яднанню беларускага народа ва ўлонні Праваслаўнай Царквы.
У сувязі з вялікай колькасцю заявак на ўдзел у гэтым годзе аргкамітэт Семінара ўпершыню правёў конкурс дакладаў. Па выніках адбору ў форуме прынялі ўдзел 141 чалавек, якія прадставілі 134 даклады, у тым ліку 33 у секцыі завочнага ўдзелу.
23 лістапада 2018 года, перад пачаткам працы семінара, у Трохсвяціцельскім храме Мінскай духоўнай семінарыі быў здзейснены малебен, які ўзначаліў першы прарэктар протаіерэй Андрэй Цыгель у саслужэнні святароў з ліку выкладчыкаў і студэнтаў семінарыі. Пасля заканчэння малебна ўдзельнікі семінара падняліся ў актавую залу, дзе пачалося пленарнае пасяджэнне.
Адкрываючы працу форуму протаіерэй Андрэй Цыгель абвясціў прывітальны адрас рэктара Мінскай духоўнай семінарыі архіепіскапа Навагрудскага і Слонімскага Гурыя. Далей да прысутных звярнуўся прарэктар па навуковай рабоце Мінскіх духоўных акадэміі і семінарыі дацэнт А. В. Слесараў, які распавёў аб канцэпцыі і парадку правядзення мерапрыемства, а таксама прэзентаваў апублікаваны зборнік матэрыялаў XVI семінара студэнтаў ВНУ Беларусі «Рэлігія і навука ў XXI стагоддзі: перспектывы дыялогу», які праходзіў 24-25 лістапада 2017 года.
У рамках пленарнага пасяджэння прагучалі даклады загадчыка кафедры царкоўнай гісторыі Мінскай духоўнай семінарыі протаіерэя Аляксандра Раманчука, дацэнта Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта ім. М. Танка А. В. Ефімовіч і старшага выкладчыка кафедры ідэалагічнай працы Ваеннай акадэміі Рэспублікі Беларусь палкоўніка І. В. Саблін.
Пасля завяршэння пленарнага пасяджэння ўдзельнікі форуму зрабілі агульнае фота ў Трохсвяціцельскім храме Мінскай духоўнай семінарыі. Затым праца працягнулася ў рамках шасці тэматычных секцый «Праваслаўная Царква ў гісторыі Беларусі» «Праваслаўныя духоўныя каштоўнасці ў культуры Беларусі», «Праваслаўная Царква і дзяржаўная ўлада», «Хрысціянскія каштоўнасці ў еўрапейскай навуцы і культуры», «Хрысціянскія каштоўнасці і псіхалогія», «Хрысціянскія каштоўнасці і сучасная педагогіка».
У працы семінара прынялі ўдзел прадстаўнікі 37 беларускіх вышэйшых навучальных устаноў, сярод якіх былі прадстаўлены Акадэмія кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, Акадэмія Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь, Баранавіцкі дзяржаўны ўніверсітэт, Беларуская дзяржаўная акадэмія авіяцыі, Беларуская дзяржаўная акадэмія сувязі, Беларуская дзяржаўная ордэнаў Кастрычніцкай рэвалюцыі і Працоўнага Чырвонага Сцяга сельскагаспадарчая акадэмія, Беларуская медыцынская акадэмія паслядыпломнай адукацыі, Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка, Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт, Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў, Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт фізічнай культуры, Беларускі дзяржаўны эканамічны ўніверсітэт, Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт, Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт імя А. С. Пушкіна, Брэсцкі дзяржаўны тэхнічны ўніверсітэт, Віцебская ордэна «Знак Пашаны» дзяржаўная акадэмія ветэрынарнай медыцыны, Віцебская духоўная семінарыя, Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт імя П. М. Машэрава, Ваенная акадэмія Рэспублікі Беларусь, Гомельскі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт, Гомельскі філіял Універсітэта грамадзянскай абароны МНС Беларусі, Гродзенскі дзяржаўны аграрны ўніверсітэт, Гродзенскі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт, Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы, Інстытут менеджменту, спорту і турызму, Інстытут парламентарызму і прадпрымальніцтва, Інстытут прадпрымальніцкай дзейнасці, Інстытут тэалогіі імя святых Мяфодзія і Кірыла Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, «Міжнародны дзяржаўны экалагічны інстытут імя А. Д. Сахарава» Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, Міжнародны ўніверсітэт МІПСА, Мінская духоўная акадэмія, Мінская духоўная семінарыя, Мінскі інавацыйны ўніверсітэт, Мазырскі дзяржаўны педагагічны універсітэт імя І. П. Шамякіна, Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт, Рэспубліканскі інстытут вышэйшай школы, Універсітэт грамадзянскай абароны МНС Рэспублікі Беларусь.
Акрамя студэнтаў і выкладчыкаў вышэйшых навучальных устаноў, у працы семінара таксама прынялі ўдзел прадстаўнікі Гродзенскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў, гімназіі № 1 горада Баранавічы, аддзела па справах моладзі Віцебскай епархіі.
Пасля завяршэння працоўнай часткі першага дня семінара для ўдзельнікаў форуму былі арганізаваны экскурсіі па царкоўна-археалагічнаму музею Мінскай духоўнай семінарыі, навучальнаму корпусу семінарыі і Жыровіцкаму манастыру. У другі дзень працягнулася праца тэматычных секцый.
Заключнай часткай мерапрыемства стала падвядзенне вынікаў, якое прайшло ў актавай зале, падчас яго мадэратары распавялі пра найбольш цікавыя даклады і дыскусіі сваіх секцый. Затым перад прысутнымі выступіў прарэктар па навуковай рабоце Мінскіх духоўных акадэміі і семінарыі дацэнт А. В. Слесараў, які выказаў надзею на далейшае развіццё дыялогу паміж студэнтамі свецкіх і духоўных навучальных устаноў па найбольш актуальных пытаннях сучаснасці. Напрыканцы выніковай часткі семінара Аляксандр Валер'евіч уручыў дыпломы ўдзельнікам форуму.
Па выніках працы XVII Семінара студэнтаў вышэйшых навучальных устаноў Беларусі «Праваслаўная Царква ў гісторыі і культуры Беларусі» (Да 220-годдзя з дня нараджэння і 150-годдзю з дня блажэннага скону мітрапаліта Літоўскага і Віленскага Іосіфа (Сямашкі; 1798-1868)) запланавана выданне зборніка дакладаў.