У мінскай парафіі святога Аляксандра Неўскага ўшанавалі памяць ахвяраў генацыду армян

24 красавіка 2019

top.jpg

24 красавіка 2019 года на Вайсковых могілках горада Мінска ўшанавалі памяць ахвяр генацыду армянскага народа 1915-1923 гадоў. У памяць аб загінуўшых ля сцен Аляксандра-Неўскага храма была адслужана памінальная ліція.

У гэты дзень беларускія армяне прыйшлі ўшанаваць памяць сваіх продкаў на Вайсковыя могілкі, дзе размешчаны хачкар — каменны крыж у памяць аб ахвярах генацыду і Спітакскага землетрасення 1988 года.

У жалобна-памятным мерапрыемстве прыняў удзел Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Арменія ў Рэспубліцы Беларусь Армэн Вачыкавіч Гевандзян.

Па заканчэнні сумеснай малітвы настаяцель храма протаіерэй Мікалай Коржыч звярнуўся да прысутных:

— Здзяйсняючы памінальную малітву, мы аддаём даніну памяці пакутам людзей, якія загінулі ў выніку генацыду. Генацыд — гэта знішчэнне народа. У гісторыі чалавецтва не толькі армянскі народ пацярпеў ад гэтай з'явы. Людзі, забываючы Божы закон, пачынаюць забіваць адзін аднаго. Чалавечая памяць вельмі кароткая, таму важна збірацца на малітоўныя памінанні, каб больш не паўтараліся такія злачынствы. Ад кліру выказваю спачуванне і спагаду армянскаму народу.

Пасол Арменіі Армэн Гевандзян у прывітальным слове адзначыў:

— Сёння армяне ўсяго свету аддаюць даніну памяці ахвярам генацыду армян. 24 красавіка 1915 года стала пачаткам аднаго з самых цяжкіх злачынстваў стагоддзя. Амаль паўтара мільёна армян былі выгнаны са сваіх паселішчаў толькі за тое, што яны армяне. Гэтыя зверствы не могуць сысці з нашай памяці. Адмаўленне трагедыі нараджае новых катаў. Як народ, пацярпелы ад генацыду, мы адчуваем важнасць недапушчэння зноў падобных трагедый.

Памяць ахвяр генацыду прысутныя ўшанавалі хвілінай маўчання.

Nevsky.by / Church.by