У Мінскім Свята-Духавым кафедральным саборы адбыўся канцэрт «У Святле Тваім убачым Святло!»

23 лютага 2017

top.jpg

 

19 лютага 2017 года ў Мінскім Свята-Духавым кафедральным саборы адбыўся канцэрт «У Святле Тваім ўбачым Святло! Напярэдадні Вялікага Посту». Канцэрт стаў чарговай падзеяй духоўна-асветніцкай дзейнасці сабора, ініцыятарам і духоўным апекуном якой з'яўляецца старшыня прыхадской рады протаіерэй Мікалай Балахоўскі. Арганізатарамі канцэрту сталі таксама 6-е Мінскае гарадское (Мікольскае) благачынне і галерэя «Свет праваслаўнай творчасці».

 

У пачатку канцэрта клірык сабора іерэй Андрэй Ламакін заклікаў вернікаў да малітвы. Канцэрт пачаўся перадпоставым «На рэках Вавілонскіх» у выкананні мужчынскага хору «Источник» Петра-Паўлаўскага сабора (рэгент Людміла Куцелай). Хор «Артос» храма Уваскрасення Хрыстовага і рэгент Павел Ганца прадставілі слухачам «Пакаянне» візантыйскага распеву. Падзеяй канцэрта стала выкананне ансамблем «Сретение» храма Нараджэння Іаана Прадцечы і рэгентам Вольгай Суарэс старажытнага спеву «Седе Адам» у гарманізацыі маладога беларускага кампазітара Вольгі Бейшар. Слухачы канцэрту былі ўдзячныя прафесару Альбіне Пякуцька, двойчы лаўрэату прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, за гармонію юных галасоў студэнцкага хору «Добровест» Беларускага дзяржаўнага універсітэта культуры, якія запоўнілі прастору галоўнага праваслаўнага храма краіны. Упершыню ў праектах сабора прыняла ўдзел Народная капэла «Акадэмія» Нацыянальнай акадэміі навук пад кіраўніцтвам Тамары Слабодчыкавай. Упрыгожэннем канцэрта сталі вершы члена Саюза пісьменнікаў Беларусі Вольгі Шпакевіч ў аўтарскім выкананні. Завяршыў канцэрт архіерэйскі хор Свята-Духава кафедральнага сабора (рэгент Віталь Сабалеўскі).

 

Вялі канцэрт Ала Русецкая, аўтар праекта, дырэктар Галерэі «Свет праваслаўнай творчасці», і Яўген Піменаў, артыст тэатра і кіно.

 

У заключэнне канцэрта благачынны 6-га Мікольскага благачыння протаіерэй Сергій Комлік падкрэсліў важнасць і духоўную значнасць сустрэчы мінчан з прыгажосцю праваслаўнага богаслужэбнага спеву як неад'емнай часткі нацыянальнай культуры.

Sabor.by / Church.by