У музей Мінскай духоўнай семінарыі перададзены новыя экспанаты
11 лістапада 2018Збор царкоўна-археалагічнага музея Мінскай духоўнай семінарыі папоўніўся новымі экспанатамі, якія будуць прадстаўлены ў залах, прысвечаных праваслаўнай літургічнай традыцыі, а таксама гісторыі духоўнай адукацыі і асветы на беларускіх землях.
Жыхарка горада Рэчыца Гомельскай вобласці Людміла Ігараўна Чахава перадала ў дар музею семінарыі фатаграфію свайго прапрадзядулі протаіерэя Паўла Афонскага (1849 — 1917).
Протаіерэй Павел Пятровіч Афонскі з'яўляўся клірыкам Петра-Паўлаўскага кафедральнага сабора горада Мінска, членам вучылішчнага савета, цэнзарам часопіса «Мінскія епархіяльныя ведамасці», членам праўлення Мінскай духоўнай семінарыі. З 1904 года ён быў настаяцелем Кацярынінскага сабора горада Мінска, благачынным 1-й гарадской акругі Мінска, членам Епархіяльнага савета апекавання над беднымі; з 1912 года - старшынёй Епархіяльна-рэвізійнага камітэта.
Клірык Тураўскай епархіі іерэй Расціслаў Бандарэнка перадаў у дар музею наступныя экспанаты:
а) Малітоўнік. - Кіеў: Выданне Кіева-Пячэрскай лаўры. XVIII стагоддзе.
б) Малітоўнік для праваслаўных хрысціян. Склаў праваслаўна-усходні святар доктар Васіль Антымовіч. - Чарнаўцы, 1911 (выданне аўтакефальнай Чарнавіцкай мітраполіі).
у) Протаіерэй А. Кавальніцкі. Прападобная Марыя Егіпецкая, як узор мужнай барацьбы са сваімі грахоўнымі звычкамі. З выявай св. Марыі Егіпецкай. Выданне другое. — Санкт-Пецярбург, 1893.
г) Слова жыцця ў богаслужэбных спевах Праваслаўнай Царквы, абраных для агульнанароднага спеву. Вып. 1. - Петраград: Выданне 5-е Петраградскага епархіяльнага місіянерскага Савета, 1915.
Протаіерэй Сцяфан Віцько, які пражывае ў аграгарадку Жыровічы, перадаў у семінарскі музей канспект лекцый «Аб літургійных трапарах і кандаках перыяду часу спявання Актоіха». Канспект складзены ў 1958 годзе выкладчыкам Мінскай духоўнай семінарыі протаіерэем Барысам Шышко і выкарыстоўваўся ў навучальным працэсе семінарыі аж да яе закрыцця ў 1963 годзе.
Протаіерэй Барыс Шышко (1908 — 1999) скончыў Віленскую духоўную семінарыю і факультэт тэалогіі Варшаўскага ўніверсітэта. Магістр багаслоўя. У 1950-1962 гадах выкладаў біблейскую гісторыю, практычнае кіраўніцтва для пастыраў, літургіку і маральнае багаслоўе ў Мінскай духоўнай семінарыі. У 1962-1974 гадах клірык Смаленскай і Мінскай епархій. З 1975 года благачынны храмаў Ізмаільскай благачынніцкай акругі Адэскай епархіі і настаяцель Пакроўскага сабора ў горадзе Ізмаіл. У 1976-1978 гадах інспектар Адэскай духоўнай семінарыі, а ў 1976-1998 гадах выкладчык Свяшчэннага Пісання Новага Запавету.
Новыя экспанаты будуць прадстаўлены ў музейнай зале, прысвечанай гісторыі Мінскай духоўнай семінарыі, а таксама ў зале гісторыі праваслаўнай літургічнай традыцыі і зале гісторыі духоўнай адукацыі і асветы на беларускіх землях, якія рыхтуюцца да адкрыцця.
Адміністрацыя Мінскай духоўнай семінарыі выказвае шчырую падзяку Л. І. Чахавай, іерэю Расціславу Бандарэнку і протаіерэю Сцяфану Віцько, якія перадалі каштоўныя экспанаты, і істотна ўзбагацілі збор семінарскага царкоўна-археалагічнага музея.
* * *
Царкоўна-архалагічны музей Мінскай духоўнай семінарыі створаны ў 2014 годзе па ініцыятыве рэктара архіепіскапа Навагрудскага і Слонімскага Гурыя. У цяперашні час музей уключае чатыры залы, прысвечаныя гісторыі Мінскай духоўнай семінарыі, гісторыі Жыровіцкага манастыра, царкоўнаму мастацтву XII-XX стагоддзяў, рукапісным і старадрукаваным кнігам XVI-XVIII стагоддзяў. Загадчык музея-прарэктар па навуковай рабоце А. В. Слесараў.