У Нацыянальным гістарычным музеі адкрылася выстаўка «Дакументальная спадчына Беларусі XVI-XIX стагоддзяў: архіў Слуцкага Свята-Троіцкага манастыра»
03 красавіка 20173 красавіка 2017 года ў Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь адбылося ўрачыстае адкрыццё выставы «Дакументальная спадчына Беларусі XVI-XIX стагоддзяў: архіў Слуцкага Свята-Троіцкага манастыра».
Падзея была прымеркавана да Года навукі і 500-годдзя беларускага кнігадрукавання. Падтрымку ў арганізацыі выставы аказалі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь і Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі.
Першае згадванне аб Слуцкім Свята-Троіцкім манастыры датуецца 1445 годам. Пасля заключэння ў 1596 годзе Берасцейскай уніі манастыру была падаравана каралеўская грамата, якая пацвярджала яго праваслаўны статус. У наступныя два стагоддзі абіцель была апорай Праваслаўя ў Рэчы Паспалітай. Архімандрыты манастыра з 1659 года з'яўляліся намеснікамі мітрапаліта Кіеўскага на землях Вялікага княства Літоўскага. Пасля заснавання ў 1793 годзе ў Мінску архіерэйскай кафедры Свята-Троіцкі манастыр служыў некаторы час архіерэйскай рэзідэнцыяй. У 1930 годзе абіцель была зачынена, у 1950-я гады манастырскія пабудовы былі разбураныя.
Пры манастыры меўся найбагацейшы архіў, першы акт якога датуецца 1517 годам. Дакументы, якімі валодала абіцель, усебакова асвятляюць духоўнае, палітычнае, культурнае жыццё старабеларускага грамадства. Цяпер унікальны збор дакументаў знаходзіцца ў калекцыі Нацыянальнага гістарычнага музея.
Дзякуючы супрацоўніцтву музея з Нацыянальным гістарычным архівам ўдалося апрацаваць і аблічбаваць больш за тысячу рарытэтных дакументаў. Самыя каштоўныя з іх прадстаўлены на выставе разам са старадрукаванымі кнігамі, іконамі, а таксама фотаматэрыяламі, на якіх, у прыватнасці, адлюстравана ўбранне слуцкіх храмаў, знішчаных у гады ліхалецця.
На цырымоніі адкрыцця выставы прысутнічалі прадстаўнікі дзяржаўных структур, навукоўцы, студэнцкая моладзь. Па благаславенні епіскапа Слуцкага і Салігорскага Антонія Слуцка-Салігорскую епархію на мерапрыемстве прадставілі благачынны Слуцкай царкоўнай акругі, ключнік кафедральнага сабора Архангела Міхаіла ў горадзе Слуцку протаіерэй Ігар Штэпа і кіраўнік епархіяльнай камісіі па кананізацыі святых, настаяцель прыхода храма іконы Божай Маці «Ацаляльніца» у горадзе Слуцку протаіерэй Аляксандр Шклярэўскі.
З прывітальнымі словамі выступілі дырэктар Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Вячаслаў Даніловіч, старшыня пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага Сходу Рэспублікі Беларусь Ігар Марзалюк, дырэктар Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі Дзмітрый Яцэвіч, дырэктар Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь Алег Рыжкоў, а таксама намеснік дырэктара Нацыянальнага гістарычнага архіва Дзяніс Лісейчыкаў і навуковы супрацоўнік Нацыянальнага гістарычнага музея Наталля Мартынава, якія ўнеслі значны непасрэдны ўклад у фарміраванне экспазіцыі.
Слова для прывітання было прадастаўлена і благачыннаму Слуцкай царкоўнай акругі протаіерэю Ігару Штэпе. Святар выказаў удзячнасць вучоным за клопат аб захаванні духоўнай спадчыны беларускага народа і нагадаў, што асаблівае заступніцтва Свята-Троіцкаму манастыру аказвала праведная княгіня Сафія Слуцкая. Тут жа да 1930 года знаходзіліся пачэсныя мошчы святой княгіні. Айцец Ігар таксама распавёў аб Царкоўна-гістарычным музеі Слуцка-Салігорскай епархіі, створаным у 2015 годзе на базе прыхода храма Пакрова Прасвятой Багародзіцы вёскі Чыжэвічы Салігорскага раёна.
Выстава «Дакументальная спадчына Беларусі XVI-XIX стагоддзяў: архіў Слуцкага Свята-Троіцкага манастыра» працуе да 9 красавіка.