30 красавіка ў актавай зале МінДА будзе паказана велікодная мініяцюра «Міраносіцы»
28 красавіка 201730 красавіка 2017 года, у Нядзелю святых жанчын-міраносіц, у храме Мінскай духоўнай акадэміі ў гонар свяціцеля Кірыла Тураўскага па заканчэнні Літургіі адбудзецца прыходскае чаяванне і віншаванне прыйшоўшых на свята прыхаджанак.
Затым у 11.00 у актавай зале акадэміі будзе паказана велікодная мініяцюра «Міраносіцы», падрыхтаваная тэатральным праектам «Пад купаламі». Спектакль прысвечаны жанчынам-міраносіцам — верным паслядоўніцам і вучаніцам Госпада Іісуса Хрыста, якія пасля Яго смерці, не пабаяўшыся пераследу, накіраваліся да грабніцы, каб аддаць апошні абавязак любві і адданасці і памазаць Яго цела духмянымі алеямі і пахошчамі. Сцэны пра жанчын-міраносіц — гэта спроба нанова асэнсаваць падзеі таго часу, паспрабаваўшы пагрузіцца ў іх атмасферу, убачыць гістарычныя паралелі і паразважаць над пытаннем: што змянілася ў чалавечай прыродзе за мінулыя 2017 гадоў.
Таксама ўдзельнікі свята змогуць набыць сувеніры, вырабленыя падапечнымі Беларускай асацыяцыі дапамогі дзецям-інвалідам і маладым інвалідам. Сабраная дапамога будзе перададзена кіраўніцтвам і студэнтамі акадэміі сем'ям, якія выхоўваюць дзяцей і маладых людзей з інваліднасцю, у Нядзелю аб расслабленым.
Тэатр-студыя «Пад купаламі» створаная на базе калектыву тэатральнага праекта храма Ражджства Хрыстова (вёска Вялікае Сціклева, Мінскі раён). Калектыў з 2012 года стварыў некалькі спектакляў для дзяцей і дарослых, якія былі прадстаўлены на розных пляцоўках Мінска. На сённяшні дзень Тэатр-студыя працуе на базе Мінскай духоўнай акадэміі пад кіраўніцтвам Максіма Федасеева.