У Навагрудскай епархіі адбыўся трохдзённы епархіяльны хрэсны ход, прымеркаваны да 800-годдзя з дня нараджэння святога дабравернага князя Аляксандра Неўскага
12 жніўня 202111 жніўня 2021 года ў Навагрудскай епархіі завяршыўся трохдзённы хрэсны ход, прымеркаваны да 800-годдзя з дня нараджэння святога дабравернага князя Аляксандра Неўскага.
Хрэсны ход пачаўся 10 жніўня Бажэственнай літургіяй у двух храмах, якія сталі адпраўнымі пунктамі малітоўнага шэсця — у Мікольскім кафедральным саборы горада Навагрудка і храме святых апосталаў Пятра і Паўла гарадскога пасёлка Карэлічы Гродзенскай вобласці.
Працягласць шляху хрэснага ходу з горада Навагрудка ў Лаўрышаўскі манастыр — прыблізна 30 км. з гарадскога пасёлка Карэлічы — 20 км.
11 жніўня хрэсны ход прыбыў у Свята-Елісееўскі Лаўрышаўскі мужчынскі манастыр. У абіцелі было здзейснена ўсяночнае трыванне, якое ўзначаліў сакратар Навагрудскага епархіяльнага ўпраўлення протаіерэй Анатоль Герасімук. Па заканчэнні вячэрняга богаслужэння брація, клірыкі епархіі і шматлікія паломнікі здзейснілі хрэсны ход вакол манастыра, пасля чаго адбылася святочная вячэра. Апоўначы паломнікі сабраліся на духоўную гутарку ля вогнішча з іерэем Яўгенам Барташэвічам. Затым у летнім храме адбыўся начны малебен з акафістам прападобнаму Елісею Лаўрышаўскаму, які здзейсніў настаяцель храма Пакрова Божай Маці вёскі Турэц іерэй Андрэй Абрамовіч.
12 жніўня, у дзень дваццатай гадавіны з дня пачатку манаскага жыцця ў Свята-Елісееўскім Лаўрышаўскім мужчынскім манастыры адбыўся вадасвятны малебен, пасля заканчэння якога пачалася Бажэственная літургія. Яе ўзначаліў сакратар епархіі протаіерэй Анатоль Герасімук у саслужэнні благачыннага Карэліцкай царкоўнай акругі протаіерэя Мікалая Орсы і насельніка абіцелі іераманаха Ісіхія (Нішчыка).
Па сканчэнні службы прайшоў хрэсны ход вакол манастыра з малебным спевам і чытаннем Евангелля. На магілах спачылых схіігумена Серафіма і іераманаха Даната была здзейснена памінальная ліція.
У канцы святочнага набажэнства протаіерэй Анатоль Герасімчук звярнуўся да ўдзельнікаў трохдзённага епархіяльнага хрэснага ходу са словам прывітання, у якім успомніў гісторыю чацвёртага адраджэння абіцелі.
У завяршэнне ўрачыстасцяў усе госці і паломнікі былі запрошаны на святочную трапезу.
***
Прыбыццё 12 жніўня 2001 года ў абіцель першага насельніка — іераманаха, цяпер нябожчыка схіігумена Лазара (Бачаркіна), прынята лічыць пачаткам чацвёртага адраджэння Лаўрышаўскага мужчынскага манастыра.
Лаўрышаўская абіцель з'яўляецца адным з самых старажытных праваслаўных манастыроў Беларусі. Яе заснаванне датуецца другой паловай XIII стагоддзя.
Згодна з раннім царкоўным паданнем, якое пацвярджаецца познімі крыніцамі, гісторыя заснавання Лаўрышаўскага манастыра цесна звязана з імем прападобнага Елісея Лаўрышаўскага
У 1993 годзе архіепіскап Беластоцкі і Гданьскі Сава (Грыцуняк) і епіскап Навагрудскі і Лідскі Канстанцін (Гаранаў) асвяцілі месца, дзе стаяў манастырскі храм. У 1997-1998 гадах быў узведзены і асвячоны епіскапам Навагрудскім і Лідскім Гурыем (Апалькам) храм у імя прападобнага Елісея Лаўрышаўскага. Пасля блізу храма быў пабудаваны корпус, у якім пасялілася брація. У 2001 годзе пры храме зарэгістраваны прыход, а 21 красавіка 2007 года рашэннем Сінода Беларускай Праваслаўнай Царквы ён ператвораны ў мужчынскі манастыр. У абіцелі пражывае каля 10 насельнікаў, настаяцелем з'яўляецца архіепіскап Навагрудскі і Слонімскі Гурый, намеснікам ігумен Яўсевій (Цюхлоў). У 2018 годзе быў рэстаўраваны галоўны храм манастыра ў гонар прападобнага Елісея Лаўрышаўскага. 5 лістапада 2018 года асвячэнне яго здзейсніў мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Павел, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі.