У Наваполацку адбылася закладка духоўна-асветніцкага цэнтра з храмам у гонар Архангела Міхаіла
29 ліпеня 201827 ліпеня ў Наваполацку адбылася закладка духоўна-асветніцкага цэнтра з храмам у гонар Архангела Міхаіла. Урачысты чын на заснаванне храма ўзначаліў архіепіскап Полацкі і Глыбоцкі Феадосій. Яму саслужылі: настаяцель прыхода протаіерэй Аляксандр Шаховіч, протаіерэй Валерый Рыжанкоў, протадыякан Андрэй Скабей, дыякан Уладзіслаў Маляр.
Перад пачаткам богаслужэння архіепіскап Феадосій звярнуўся да прысутных з архіпастырскім словам: «...Старажытная Полацкая зямля. Колькі падзей яна бачыла на сваім вяку?.. І заўсёды спадарожнікам на яе гістарычным шляху былі храмы Божыя... Вельмі неспакойна цяпер у свеце: войны і перавароты, паводкі і пажары, тэхнагенныя катастрофы і прыродныя апаноўваюць увесь сусвет.. Дзякуй Богу, што мы з вамі не адчуваем усіх гэтых жахаў на сваёй зямлі. Да таго часу, пакуль на нашай зямлі будзе вера ў Бога, будзе малітва, будзе добрае жыццё і міласэрнасць, усе сусветныя беды будуць праходзіць міма нашай зямлі і краіны. Сёння мы з вамі будзем асвячаць месца пад новы храм. Удзел у гэтым будаўніцтве павінен прыняць кожны з нас. І гэтым мы будзем сведчыць аб нашай веры, аб нашай надзеі, нашай любові да Бога і людзей. Амінь».
Старшыня Наваполацкага гарадскога выканаўчага камітэта Дзмітрый Уладзіміравіч Дзямідаў у сваім выступленні адзначыў: «У 2018 годзе споўнілася 15 гадоў з дня падпісання Пагаднення аб супрацоўніцтве паміж Рэспублікай Беларусь і Беларускай Праваслаўнай Царквой. І будаўніцтва ў горадзе Наваполацку такога цэнтра — гэта наш агульны ўклад у справу выхавання маральна сталай, духоўна развітай асобы, здольнай усведамляць адказнасць за лёс сваёй Айчыны і народа, сваёй малой Радзімы...».
Пасля заканчэння святочнага малебна архіепіскап Полацкі і Глыбоцкі Феадосій благаславіў прысутных і акрапіў усіх святой вадой. Протаіерэй Аляксандр Шаховіч уручыў вернікам і ўсім удзельнікам знамянальнай падзеі ікону Архістратыга Божага Міхаіла — нябеснага заступніка горада Наваполацка.
Завяршэннем урачыстасці стала святочнае чаяванне, арганізаванае сястрыцтвам парафіі храма святога Архангела Міхаіла.